Пошук

25.06.2018 16:46   Catholic.by
© Кузіч Мікола / .radzima.org

24 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў парафію св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Гродзенская дыяцэзія), дзе ўзначаліў святую Імшу. У гэты дзень, калі Касцёл святкуе Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля, там азначалася парафіяльная ўрачыстасць.

У гаміліі іерарх нагадаў шматлікім прысутным вернікам гісторыю адной законніцы. Яе бацька быў вельмі багатым, але няверуючым чалавекам. Пасля яго смерці законніца даведалася, што ў тэстаменце ён пакінуў ёй 12 мільёнаў даляраў пры ўмове, што яна адмовіцца ад каталіцкай веры. Законніца, аднак, сказала, што яе нябесны Айцец больш багаты, чым зямны, і дасць большую ўзнагароду, і адмовілася ад гэтых грошай.

Прыклад гэтай законніцы, па словах арцыбіскупа, схіляе нас задаць сабе наступныя пытанні: «Што значыць быць хрысціянінам?», «Што значыць быць сведкам Хрыста?», «Што значыць быць святлом для сучаснага свету?» На гэтыя і падобныя пытанні, як падкрэсліў Мітрапаліт, дапамагае адказаць асоба св. Яна Хрысціцеля, якога Касцёл ушаноўвае ў гэты дзень.

У літургічным календары, як адзначыў іерарх, мы бачым толькі тры святы нараджэння.

Гэта Божае Нараджэнне, калі святкуецца нараджэнне Збаўцы свету, Нараджэнне Панны Марыі, якая нарадзіла Збаўцу, і Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля. Гэты факт кажа сам за сябе, а менавіта нагадвае аб выключнасці асобы гэтага святога ў гісторыі збаўлення.

Яго выключнасць праявілася ў цудоўным нараджэнні ад састарэлых бацькоў, у наданні імені «Ян», якога не было ў іх родзе, і ў заданні падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. У пустыні Ян быў пакліканы стаць прарокам. Ён заклікаў людзей да навяртання, хрысціў вадой і рыхтаваў іх да прыняцця Езуса як чаканага Збаўцы. Езус назваў яго самым вялікім сярод народжаных з жанчыны. За крытыку амаральнага жыцця цара Ірада, які ажаніўся з жонкай свайго брата Ірадыядай, Ян быў арыштаваны і страціў жыццё.

Так, па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, уяўляецца кароткая біяграфія Яна Хрысціцеля, які паказаў людзям Езуса як Баранка Божага, які бярэ на сябе нашы грахі. Гэта да яго адносяцца словы першага чытання з кнігі Ісаі: «Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі».

Ян Хрысціцель, дадаў арцыбіскуп, быў богабаязным чалавекам, таму абвяшчаў і бараніў Божую праўду. Ён не пабаяўся супрацьстаяць Іраду, які любіў слухаць яго, аднак не меў адвагі прыняць яго вучэнне.

«Ці Ірад не з’яўляецца іконай чалавека, які ведае, што такое дабро, але чыніць зло? — задаў пытанне Мітрапаліт. — Касцёл вучыць, што ў нядзелю трэба ісці на святую Імшу, а людзі ігнаруюць гэты заклік. Касцёл вучыць аб непарушнасці сужэнства, а колькасць разводаў расце. Касцёл вучыць, што трэба бараніць жыццё, а ў той жа час аборты становяцца нормай».

«Ірадыяда таксама ведала, дзе праходзіць мяжа паміж дабром і злом. Нягледзячы на гэта, яна злачынна пазбавілася св. Яна Хрысціцеля, бо хацела заглушыць голас свайго сумлення. Ці мы не паступаем падобным чынам? Кажам сабе, што іншыя часы, што Евангелле не пасуе да менталітэту сучаснага свету, што грэх — гэта адносная справа», — заўважыў іерарх.

Кажучы пра тое, чаму мы можам навучыцца ад св. Яна Хрысціцеля, арцыбіскуп адзначыў: «Найперш гэты святы – перасцярога для хрысціян, якія не з’яўляюцца сведкамі хрысціянства. Праўда ў тым, што многія з нас падобныя да галінкі дрэва, якая нахіляецца ў той бок, у які дзьме вецер». Гэта, па словах Мітрапаліта, азначае, што многія з нас жывуць без цвёрдых хрысціянскіх перакананняў і замест таго, каб кіравацца сумленнем, кіруюцца поглядам людзей.

Арцыбіскуп дадаў, што святы Ян Хрысціцель абвяшчаў бескампрамісны стыль жыцця і падобным чынам паступае Касцёл.

Словы Бога «Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі» адносяцца, як падкрэсліў Мітрапаліт, не толькі да св. Яна Хрысціцеля, але і да кожнага хрысціяніна. «Мы ўсе пакліканы словам і прыкладам жыцця сведчыць Езуса Хрыста. Няхай у гэтым умацоўвае нас Ён, якога слухаем у Божым слове і прымаем у святой Камуніі», — заключыў іерарх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.