Пошук

23.06.2018 20:58   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

23 чэрвеня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыяканам Андрэю Бураку і Яўгену Баланёву.

У гаміліі падчас урачыстай св. Імшы арцыпастыр адзначыў:

«Мінска-Магілёўскі Касцёл сёння перажывае асаблівы дзень, бо на яго жніво выходзяць два новыя святары — выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску Андрэй Бурак і Яўген Баланёў».

Пастыр архідыяцэзіі нагадаў новапрэзбітэрам, што з гэтага дня ў сваім святарскім служэнні яны будуць дзейнічаць ад імя Езуса, і што такім чынам у іх ажыццявяцца сказаныя Ім словы: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (пар. Ян 15, 16).

«Таму Езус павінен быць вашым найлепшым сябрам, — сказаў сваім новым паплечнікам арцыбіскуп. — Аб гэтым Ён нагадвае ў Евангеллі, калі кажа, што ніхто не мае большай любові, чым той, хто аддае сваё жыццё за сваіх братоў. Езус першы паказаў прыклад самаахвярнасці, аддаўшы жыццё за ўсё чалавецтва, і заклікае вас паступаць падобным чынам».

Іерарх заклікаў ксяндзоў Андрэя і Яўгена з годнасцю выконваць свае святарскія абавязкі, каб, настаўляючы і асвячаючы Божы Народ, а таксама кіруючы ім, былі сапраўднымі прапаведнікамі Божага закону, а гэта значыць каб былі яго сведкамі і самі першыя яго выконвалі.

«Улада, якую вы атрымліваеце ў сакрамэнце святарства, не з’яўляецца выключна вашай. Гэта ўлада Езуса. Яго моцаю вы будзеце абвяшчаць Яго вучэнне і вучэнне Касцёла, які Ён устанавіў як сакрамэнт паўсюднага збаўлення», — падкрэсліў арцыпастыр, нагадаўшы новапрэзбітэрам словы папы Францішка, які заклікае святароў заставацца вернымі вучэнню Хрыста, нягледзячы на шматлікія і вельмі небяспечныя выклікі часу і спробы скажэння веры.

Арцыбіскуп як наступнік апосталаў заклікаў душпастыраў, якія толькі распачынаюць сваё святарскае служэнне, асаблівую ўвагу звяртаць на сакрамэнт прымірэння і цэлебрацыю Эўхарыстыі.

«Ніколі не адчайвайцеся і не стамляйцеся ў служэнні прымірэння чалавека з Богам, у місіі абдорвання яго дарам Божай міласэрнасці. Вы пакліканыя не асуджаць, а прабачаць. Няхай вашая міласэрнасць не ведае межаў», — падкрэсліў арцыпастыр, нагадаўшы, што сам Езус Хрыстус пакінуў сваім слугам такі прыклад.

«Цэлебруючы Эўхарыстыю, памятайце словы святога Яна Паўла II, што Эўхарыстыя — гэта цэнтр жыцця кожнага святара. Гэта тое месца, дзе вы будзеце ўмацоўвацца духоўнай сілай, каб верна служыць Божаму Народу і карміць яго хлебам вечнага жыцця», — заахвоціў пастыр архідыяцэзіі.

На заканчэнне ён даў новапасвячаным прэзбітэрам такую параду:

«У кіраванні вернікамі вы павінны быць слугамі, а не валадарамі, каб кіраваць імі ў праўдзе, любові, міласэрнасці і цярплівасці. Слугамі, якія, як кажа папа Францішак, павінны ведаць пах сваіх авечак. Гэта азначае, ведаць іх патрэбы і разумець іх жыццё. Таму дбайце аб давераным вам статку; будзьце святарамі не для таго, каб уздымацца па службовай лесвіцы касцёльнай кар’еры, але каб служыць людзям і бараніць іх ад лютых ваўкоў секулярнай і ліберальнай этыкі».

Паводле словаў арцыбіскупа, для таго, каб разбіваць каменныя сэрцы, даносячы да іх Божую ласку, святары павінны нястомна маліцца, а таксама не забывацца пра тое, што хрысціянства — «гэта рэлігія радасці, якой асабліва чакае сучасны свет».

«Божа, глянь на новапрэзбітэраў Андрэя і Яўгена і адары іх патрэбнымі ласкамі, каб яны прынеслі як мага больш духоўнага плёну і былі радасцю і надзеяй нашай архідыяцэзіі і краіны», — завяршыў сваю гамілію малітвай за новапасвячаных прэзбітэраў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ксёндз Андрэй Бурак нарадзіўся 22 мая 1989 г. у Мінску. У 2009 г. скончыў Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж па спецыяльнасці мікраэлектронікі і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыётэхнікі, які скончыў у 2012 г. У тым жа годзе, адчуўшы пакліканне да святарства, распачаў фармацыю ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, якую паспяхова завяршыў абаронай магістарскай працы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя св. Яна Паўла ІІ. 29 лістапада 2017 г. у касцёле Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве, адкуль паходзяць карані сям’і новапрэзбітэра, прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату.

Ксёндз Яўген Баланёў нарадзіўся 7 лістапада 1972 г. у г. Вялікі Камень (Прымоскі край, Расія). Пасля заканчэння школы і судабудаўнічага тэхнікума распачаў працоўную дзейнасць, адкрыўшы сваю кампанію. Малады бізнесмен у 22 гады атрымаў дар веры і прыйшоў у Каталіцкі Касцёл. Прайшоўшы адпаведную катэхізацыю, пасля шасцімесячнага катэхуменату ў Пасхальную ноч у каталіцкім касцёле ва Уладзівастоку прыняў сакрамэнты хрысціянскай ініцыяцыі: хрост, канфірмацыю і св. Камунію. На працягу трох гадоў аддана дапамагаў святарам у служэнні католікам на Далёкім Усходзе ад Благавешчанска да Находкі (1600 км). Шукаючы волі Бога, паступіў у духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, якую праз нейкі час пакінуў. Аднак, канчаткова ўсвядоміўшы сваё пакліканне да святарства, працягнуў шлях фармацыі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, якую паспяхова скончыў. 29 лістапада 2017 г. прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату і быў інкардынаваны ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.

Абноўлена 23.06.2018 22:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа