Першы месяц лета стаў часам прыемных і карысных для душы падарожжаў, у якіх бралі ўдзел розныя душпастырскія групы парафіі св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай), дзе нясуць служэнне айцы Пабожных школаў — піяры.
Гпупа міністрантаў правяла два незабыўныя дні ў турыстычных умовах на беразе ракі. Каля вогнішча можна было не толькі спячы смачныя кілбаскі з хлебам, але таксама прасушыць намоклае пад дажджом адзенне і падзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі з сябрамі і святарамі.
Тым часам моладзевы парафіяльны хор «Каласанс» наведаў шэраг цікавых мясцінаў Лідчыны і Навагрудчыны.
Удзельніцы вандроўкі пазнаёміліся з вытворчасцю шкла і крышталю на бярозаўскім шклозаводзе «Нёман», убачылі дом у Навагрудку, дзе прайшло дзяцінства славутага паэта Адама Міцкевіча, ушанавалі благаслаўлёных сясцёр мучаніц, закатаваных гітлераўцамі ў лесе непадалёк ад першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, памаліліся ў адной з найстарэйшых беларускіх святыняў ва Уселюбе, агледзелі рэшткі былой велічы — руіны палацу Радзівілаў у Жырмунах, а таксама нядаўна адрэстаўраваны намаганнямі неабыякавых да гістарычнай спадчыны роднага краю валанцёраў замак у Любчы.