Пошук

18.06.2018 09:35   Паводле: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by / Catholic.by

У дзень адзінства Салезіянскай сям’і, які 16 чэрвеня прайшоў у Смаргоні з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, былі адзначаны два 40-годдзі: дзень нараджэння кс. Віктара Гайдукевіча SDB і гадавіна святарства кс. Юзафа Занеўскага SDB.

На пачатку свята пад гукі аркестра гасцей прывітала моладзь у нацыянальных строях, а таксама… мядзведзь, але сімпатычны і нястрашны, які з’яўляецца сімвалам Смаргоні.

Дзень адзінства Салезіянскай сям’і — гэта сход святароў салезіянаў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў, аніматараў, дзецей, моладзі і шматлікія вернікаў з усіх месцаў нашай краіны, дзе працуюць духоўныя сыны і дочкі св. Дона Боско.

У сёлетнім дні адзінства браў удзел таксама «апостал Масквы» — пробашч маскоўскай катэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Юзаф Занеўскі SDB, які распачынаў салезіянскую справу ў Беларусі і ў гэтыя дні адзначыў 40-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.

Традыцыйна дзень адзінства Салезіянская сям’я адзначае ў дзень нараджэння рэгіянальнага настаяцеля. У Беларусі гэтую пасаду займае ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які нарадзіўся 21 чэрвеня 1978 г.

Таму для салезіянаў Беларусі ўжо стала добрай традыцыяй збірацца ў першы месяц лета ў адным з месцаў сваёй прысутнасці, каб разам адзначыць дзень адзінства. Пяць гадоў таму, як і сёлета, беларускія салезіяне ўпершыню адзначалі гэтае свята ў Смаргоні.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, а гамілію да прысутных прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які разважаў у ёй пра Езуса як Добрага Пастыра.

«Калі мы жадаем наследаваць Добрага Пастыра Хрыста, то павінны пастарацца так палюбіць чалавека, каб быць здольнымі аддаць за яго жыццё», — падкрэсліў іерарх.

Прыкладам менавіта такога добрага пастыра біскуп Аляксандр назваў заснавальніка салезіянскага таварыства св. Яна Боско, які прысвяціў сваё жыццё беднай і пакінутай моладзі.

Біскуп узгадаў таксама і юбіляраў, кс. Віктара і кс. Юзафа, спыніўшыся на асобе кожнага з іх і ўзгадаўшы этапы іх святарскага служэння, а таксама пажадаўшы ім і надалей наследаваць прыклад Езуса і быць добрымі пастырамі для Божага народа.

Напрыканцы святой Імшы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр перадаў ксяндзу Віктару і ксяндзу Юзафу асабістыя віншаванні ад папы Францішка і пастырскае благаслаўленне ад Святога Айца.

Больш фота з дня адзінства Салезіянскай сям'і ў Смаргоні ТУТ >>>

Абноўлена 18.06.2018 16:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця