31 мая біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, а таксама студэнты і выкладчыкі Пінскай духоўнай семінарыі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях Божага Цела ў Лагішыне (Пінская дыяцэзія).
Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, у Лагішынскім санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся адбылася св. Імша і эўхарыстычная працэсія. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў пастыр Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
Пасля св. Імшы па вуліцах Лагішына ва ўрачыстай працэсіі прайшоў сам жывы Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ягоны шлях па мястэчку мясцовыя вернікі ўпрыгожылі жывымі кветкамі са сваіх падворкаў, а таксама традыцыйна выставілі ў вокнах дамоў абразы і заслалі дарогу перад алтарамі белымі дыванамі.
Удзельнікі працэсіі, як звычайна, спыняліся каля падрыхтаваных у розных частках Лагішына чатырох алтароў.
Адметнсцю сёлетняй працэсіі стаў першы прыпынак, падрыхтаваны на тым месцы, дзе нядаўно былі ўстаноўлены два крыжы — «каталіцкі і праваслаўны», як кажуць у народзе.
Змешчаныя на першым алтары красамоўныя словы Хрыста з Евангелля паводле св. Яна — «Каб усе былі адно» — гэта адначасова і сведчанне добрых адносін і згоды паміж мясцовымі жыхарамі розных веравызнанняў, і заклі да яшчэ большага адзінства ўсіх вызнаўцаў Хрыста ў супольным сведчанні веры, надзеі і любові перад сучасным секулярызаваным светам.
Заключным пунктам працэсіі стаў лагішынскі Дом міласэрнасці, які быў пабудаваны намаганнямі Касцёла і функцыянуе пры яго дзейснай падтрымцы.
У Доме міласэрнаці ўдзельнікаў працэсіі радасна сустрэлі яго пастаяльцы, якія таксама далучыліся да супольнай малітвы. Там працэсія завяршылася радасным хваласпевам старажытнага гімна Te Deum laudamus — «Цябе, Божа, праслаўляем», пасля чаго адбыўся канцерт музычнага гурта і салодкі пачастунак для вернікаў.