Пошук

23.05.2018 19:28   Паводле: Catholicnews.by / Catholic.by

У маі традыцыйна адбываюцца сустрэчы выпускнікоў духоўных семінарый. Святары, якія скончылі вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў юбілейным 2000 годзе, 22 мая сабраліся разам у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.

Святары-выпускнікі таго вялікага курса сёння нясуць служэнне ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі і за мяжой.

Найбольш іх у Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, канцлер Гродзенскай курыі, і кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі; кс. Андрэй Зайко, супрацоўнік Гродзенскага касцёльнага суда, і кс. Дзмітрый Урбановіч, пробашч парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні; кс. Павел Калеснік, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, і кс. канонік Віктар Мыслюк, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе.

У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэта кс. канонік Пётр Шарко, пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, а таксама кс. Уладзімір Русак, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лебедзеве, і кс. Віктар Шчучка, пробашч парафіі св. Андрэя Апостала ў Крывічах.

Адзіны прадстаўнік гэтай нефармальнай святарскай супольнасці, якая ўтварылася за час вучобы ў семінарыі, нясе служэнне ў Пінскай дыяцэзіі. Гэта кс. Юрый Хіневіч, пробашч парафіі Узвышэння Cвятога Крыжа ў Брэсце.

У суседняй Расіі абвяшчае Хрыста кс. Сяргей Альхімёнак, пробашч парафіі Маці Божай Люрдскай у Санкт-Пецярбургу, а асаблівыя місіі, звязаныя са служэннем Святому Айцу і паўсюднаму Касцёлу, выконваюць кс. прэлат Аляксандр Рагіня, часовы павераны Святога Пасаду ў Чадзе, і кс. Аляксандр Амяльчэня, кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Сярод «юбілейных» выпускнікоў ёсць ужо адзін біскуп — Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.

Пад яго пастырскім кіраўніцтвам служаць Божаму народу кс. Марат Казлоўскі, пробашч парафіі св. Ганны ў Мосары, і кс. Раман Мурзіч, пробашч парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве, а таксама кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім. Таму невыпадкова менавіта глыбоцкая парафія стала месцам чарговай сустрэчы выпускнікоў гэтага, бадай што, найбольш вядомага курса ў гісторыі гродзенскай alma mater.

Цэлебрацыю св. Імшы разам са сваімі былымі аднакурснікамі ўзначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч. На пачатку Эўхарыстыі іерарх адзначыў:

«Сённяшняя малітва — гэта выраз удзячнасці Пану Богу за дар паклікання, за яго рэалізацыю. Кожны з нас сёння дзякуе за тых людзей, з якіх узятыя і да якіх пасланыя, бо вашая малітва напачатку становіцца крыніцай паклікання, а пазней — падтрымкай святара ў служэнні».

На жаль, не ўсе прадстаўнікі юбілейнага выпуску змаглі ўзяць удзел у сустрэчы, бо некаторыя з іх працуюць за межамі Беларусі.

«Добра, што ёсць сябры! Ёсць нагоды сустрэцца з тымі, хто блізкі сэрцу», — сказаў біскуп Алег на заканчэнне, падзякаваўшы пробашчу парафіі кс. Мікалаю за прапанову і магчымасць правядзення сустрэчы аднакурснікаў менавіта ў Глыбокім. Кожны «выпускнік 2000» атрымаў ад мясцовых парафіянаў салодкі падарунак — бляшанку з глыбоцкай «згушчонкай».

Абноўлена 24.05.2018 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа