Пошук

14.05.2018 15:49   Фота: Павал Хадзінскі / Catholic.by

13 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

У гаміліі падчас Імшы, нагадваючы аб тым, што праз тыдзень Касцёл будзе адзначаць урачыстасць Спаслання Духа Святога — Пяцідзясятніцы, — арцыбіскуп адзначыў, што сёння ў парафіі на Залатой Горцы ў Мінску таксама святкуецца свая Пяцідзясятніца, якой з’яўляецца ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі.

Іерарх звярнуў увагу, што сакрамэнт канфірмацыі — гэта сакрамэнт Святога Духа і хрысціянскай сталасці; што духоўна сталымі чыніць нас Святы Дух, які адорвае сваімі сямю дарамі.

                    

Па словах Мітрапаліта, Дух Святы з’яўляецца «рухаючай сілай кожнага хрысціяніна». «Ён умацоўвае нас сямю дарамі, каб мы былі моцнымі сваёй верай і каб яе абвяшчалі сучаснаму свету. Таму ў сакрамэнце канфірмацыі мы таксама атрымліваем місію абвяшчэння Божага слова ў сучасным свеце», — дадаў іерарх.

Слуга Божы амерыканскі біскуп Фултан Шын кажа, як адзначыў Мітрапаліт, што сучасныя хрысціяне выглядаюць «замарожанымі Божымі людзьмі». «Мы замарожаны ў малітве, у адносінах з іншымі, у практыцы нашай веры. Мы не выяўляем радасць прабывання ў касцёле і ўдзелу ў набажэнствах», — заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Таму прыйшоў час стаць пад сонцам Божай ласкі і „размарозіцца“, каб не быць скаванымі холадам у абароне веры і абвяшчэнні Евангелля, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Прыйшоў час папрасіць Святога Духа, каб ажывіў у нас дух новага жыцця і энтузіязму. Мы не любім, калі свечка курэе. Таксама і нам нельга „курэць“ у нашым хрысціянскім жыцці — неабходна гарэць моцным полымем».

Па словах іерарха, ад таго, якімі мы будзем, залежыць, якім будзе аблічча зямлі. «Мы ж створаны па вобразу і падабенству Божаму і такімі павінны заставацца. Гэта нялёгкае заданне, асабліва ў наш час, але яно магчыма з Божай дапамогай, — сказаў арцыбіскуп. — Сёння Святы Дух прыходзіць да нас, каб умацаваць нашы духоўныя сілы. Неабходна толькі адкрыцца на Яго і дазволіць Яму дзейнічаць. Недастаткова толькі купіць у аптэцы лекі — неабходна іх прымаць. Гэтак жа і з дарамі Духа Святога: іх неабходна выкарыстоўваць».

«Святы Дух, які адорыць сёння вас сваімі сямю дарамі, павінен дзейнічаць у вашых сэрцах з мэтай супрацьстаяння рэальнасцям нашага секулярнага жыцця ў адпаведнасці з вучэннем Хрыста, — нагадаў Мітрапаліт моладзі, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі. — Толькі пазнаючы Хрыста, мы можам пазнаць сябе і значэнне нашага жыцця. Святы Ян Павел ІІ вучыць, што чалавек можа пазнаць сябе толькі ў Хрысце».

«Словамі св. Яна Паўла жадаю вам, каб ніколі ў вашым жыцці не было месца апатыі і абыякавасці да навакольнага свету, — дадаў арцыбіскуп. — Хрыстус разлічвае на вас, на тое, што дзеянне Духа Святога ў вашых сэрцах будзе ззяць і пранікаць у кожны аспект вашага публічнага і прыватнага жыцця».

Абноўлена 15.05.2018 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа