Пошук

19.04.2018 13:31   С. Дар'я Еўтухоўская FMA / Фота: С. Міхаліна Маркевіч ОР / Catholic.by

З 16 па 18 красавіка ў Баранавічах прайшла чарговая ўсебеларуская сустрэча манаскай моладзі пад назвай «Скарб у гліняных начыннях».

У гасцінным доме сясцёр місіянерак Святой Сям'і сабраліся разам прадстаўнікі розных манаскіх супольнасцяў, якія нясуць сваё служэнне на беларускай зямлі і па-за яе межамі.

У час падрыхтаваных канферэнцый манаская моладзь разважала над словамі з Паслання да Карынцянаў: «Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас» (2 Кар 4, 7). Айцец Міхаіл Цвячкоўскі MIC заахвоціў усіх прысутных зірнуць назад, на шлях свайго паклікання, разам са святым Пятром. У групах удзельнікі мелі магчымасць падзяліцца прыкладамі з уласнага жыцця, а таксама вызначалі іерархію рэчаў, якія ўплываюць на поспех у кансэкраваным жыцці.

Сястра Паўла Бобер MSF прадставіла тэму «глінянага начыння» з пункту гледжання крухкасці чалавечай асобы.

У межах сустрэчы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што любое начынне служыць для таго, каб, па-першае, быць запоўненым, а па-другое, каб дзяліцца, раздаваць тое, што ёсць, іншым. Біскуп параўнаў манаскіх асобаў з посудам, які, злучаючыся, робіцца «сервізам», праз што яны сведчаць аб прыгажосці і гармоніі Касцёла.

На працягу гэтых дзён сёстры і айцы праводзілі разам час, у якім была малітва, пасілак і вясёлы адпачынак з гульнямі, танцамі і спевамі. Праграма была вельмі насычанай, і актыўны ўдзел усіх з'яўляецца гэтаму добрым пацвярджэннем.

Кансэкраваныя асобы ўдзячныя арганізатарам і запрашаюць жадаючых да ўдзелу ў сустрэчы ў наступным годзе.

Абноўлена 16.08.2021 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця