З 15 па 17 красавіка ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў мінскім мікрараёне Серабранка праходзілі Салезіянскія дні моладзі пад дэвізам «Пане, дай мне гэтай вады». У днях моладзі ўзялі ўдзел звыш 130 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце з 16 да 35 гадоў амаль з двух дзясяткаў розных мясцінаў нашай краіны.
Самыя вялікія групы сабрала моладзь з Мінска і Бараўлянаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), са Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія), а таксама з Мёраў (Віцебская дыяцэзія). Пасля рэгістрацыі ўдзельнікі СДМ сабраліся на супольную Эўхарыстыю, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Дзень першы
У прывітальным слове да ўдзельнікаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB адзначыў:
«Салезіянскія дні моладзі маюць за мэту стаць моладзевай платформай — месцам, дзе нашыя маладыя сябры будуць мець магчымасць духоўна ўзбагаціцца і перажываць прысутнасць Пана.
Месцам, дзе яны змогуць адчуць і перажыць суправаджэнне ў форме пастаяннага дыялогу, які дапамагае маладому чалавеку сустрэцца з Хрыстом; змогуць атрымаць неабходныя веды і падтрымку, каб мець магчымасць адказаць на выклікі часу. Нарэшце, што для нас асабліва важна, яны змогуць праявіць сябе і актыўна ўдзельнічаць у працэсе абвяшчэння Божага слова сучаснаму маладому пакаленню і рабіць яго больш эфектыўным».
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў сваёй гаміліі засяродзіўся на словах з Евангелля, што сталі дэвізам сёлетніх Салезіянскіх дзён моладзі.
«Дарагія ўдзельнікі Салезіянскіх дзён моладзі, дазвольце пажадаць, каб словы „Пане, дай мне гэтай вады“, сугучныя з жыццёвым дэвізам святога Яна Боско і яго паслядоўнікаў — „Дай мне душы“ — сталі для вас, маладых, будучыні Касцёла і грамадства, сапраўдным выклікам і радасным абавязкам фармаваць сябе.
Каб вы самі, па прыкладу самаранкі, пазнаўшы любоў Пана Бога, дзяліліся ёю з іншымі і імкнуліся ў сваім жыцці кіравацца толькі тымі каштоўнасцямі і прынцыпамі, якім Езус Хрыстус вучыць словам і прыкладам, каб пакланяцца Богу ў духу і праўдзе», — падкрэсліў іерарх.
У першы дзень моладзевага форуму ў цэнтры мастацтва і творчасці «Золак» прайшла музычна-евангелізацыйная вечарына з удзелам гуртоў Piligrims («Пілігрымы») і «Небасхіл», якія сваімі спевамі стварылі настрой радаснага праслаўлення Бога. Пасля вечарыны ўдзельнікі правялі адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой адпаведную духоўную атмасферу пакланення стварылі ўдзельнікі музычнага евангелізацыйнага праекту «Рыбы».
Завяршыўся дзень традыцыйным салезіянскім словам на добрую ноч, у якім кс. Павел Шчарбіцкі SDB разважаў над тым, як боль і цяжкасці зямнога жыцця ўмацоўваюць характар і дапамагаюць наблізіцца да Нябеснага Айца.
Дзень другі
Другі дзень СДМ распачаўся Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Пасля Імшы і сняданку моладзь мела магчымасць размяцца і праявіць свае здольнасці ў спартыўных гульнях.
Далей удзельнікаў чакала насычаная праграма.
«Сусветнае кафэ» і працу ў групах (англ. Workshop) праводзілі прафесіяналы на актуальныя жыццёвыя тэмы: «Грошы: сродак ці мэта», «Час: ты распараджаешся ці падпарадкоўваешся?», «Сусветнае сеціва: ты павук ці муха?», «Зварыць суп ці заварыць кашу?», «Сям’я: каралеўства бацькі, свет мамы ці рай дзіцяці?»
У насычанай працы хутка праляцеў час. Удзельнікі воплескамі падзякавалі трэнерам за пражыты дзень і новы вопыт.
Завяршэнне дня было нефармальным. Моладзь у складзе груп па інтарэсах накіравалася ў горад, каб пакатацца на каньках, паглядзець кіно, пагуляць у парку або ў старым горадзе, наведаць Нацыянальную бібліятэку.
Дзень трэці і заключны
У апошні дзень СДМ іх удзельнікі сабраліся вакол алтара парафіяльнай капліцы на св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх засяродзіўся на матывах, дзеля якіх мы ідзем за Езусам. Біскуп падкрэсліў, што ў сучасным свеце многія людзі імкнуцца прыстасаваць Божы Закон да сваіх інтарэсаў, і вернікам бывае няпроста супрацьстаяць гэтай спакусе.
Толькі выкананне Божых законаў дае нам жывую ваду і неабходную ласку.
Пастыр адзначыў, што на такіх сустрэчах, як Салезіянскія дні моладзі, ёсць магчымасць знайсці новых сяброў, аднадумцаў, якія дапамогуць маладому чалавеку ў складаных сітуацыях і падчас духоўных крызісаў. Для жыцця ў веры важнае значэнне мае супольнась.
Пасля супольнай малітвы моладзь у араторыі падзялілася сваімі ўражаннямі ад СДМ, а таксама выказала шчырую падзяку іх арганізатарам. У словах юнакоў і дзяўчат гучала непадробная радасць, якая духоўна іх умацавала і стала галоўным плёнам гэтых трох дзён са святым донам Боско.