13 красавіка ў 27-ю гадавіну ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася ўрачыстая св. Імша з удзелам іерархаў і ў прысутнасці канонікаў Мінскага катэдральнага капітула.
Цэлебрацыю, якая стала выразам ўдзячнасці Богу за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі, узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У сваёй гаміліі іерарх нагадаў гісторыю стварэння Мітраполіі і архідыяцэзіі.
«За два гады пасля прызначэння першага пасля II сусветнай вайны біскупа для Беларусі ў 1989 г. у мясцовым Касцёле адбыліся значныя змены. Гэта было звязана з тымі фундаментальнымі зменамі, якія на вачах ператваралі грамадска-палітычнае жыццё тады яшчэ Савецкага Саюза», — зазначыў арцыбіскуп.
Ён звярнуў увагу на тое, як дакладна і аператыўна святы Ян Павел II прачытаў знакі часу і ў 1991 г. у многіх рэспубліках СССР адрадзіў скасаваныя атэістычным рэжымам касцёльныя структуры. Дзень 13 красавіка стаў гістарычным для Беларусі, Расіі, Казахстана і іншых Сярэднеазіяцкіх рэспублік. У Расіі і Казахстане былі ўстаноўлены Апостальскія Адміністратуры са свамі біскупамі, а ў Беларусі, дзе тады пражывала другая па колькасці пасля Літвы супольнасць рыма-каталіцкіх вернікаў, — Мінска-Магілёўская Мітраполія, якая першапачаткова ўключала тры дыяцэзіі: Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, Гродзенскую і Пінскую дыяцэзіі.
Першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам стаў тагачасны пробашч катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску кс. прэлат Казімір Свёнтэк, які пазней быў менаваны кардыналам. Адначасова ён выконваў функцыі Апостальскага адмінстратара Пінскай дыяцэзіі. Гродзенскім біскупам быў прызначаны пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні кс. Аляксандр Кашкевіч. Крыху пазней, у 1999 г., была створана Віцебская дыяцэзія, у якую ўвайшлі парафіі Віцебскай вобласці.
«Такім чынам у фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года быў закладзены падмурак для адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля трох пакаленняў ганенняў», — з трымценнем у голасе падкрэсліў арцыпастыр.
Ён з удзячнасцю ўзгадаў заслугі кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама выказаў словы падзякі біскупу Антонію Дзям’янку, шматілікім святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за ахвярную працу па адраджэнні і ўмацаванні душпастырства ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
«Бог дазваляе нам разам працягваць гэтую працу, і мы павінны належным чынам выкарыстаць дадзеныя нам Божым Провідам магчымасці», — сказаў арцыбіскуп Мітрапаліт.
Нагадваючы пра адраджэнне касцёльных структур, ён разам з тым падкрэсліў, што Касцёл — гэта Хрыстус, які жыве ў часы і прасторы. З дня Пяцідзясятніцы Касцёл распаўсюджваецца па ўсёй зямлі і такім чынам становіцца Паўсюдным. Ён не з’яўляецца вязнем палітычных, нацыянальных, расавых ці культурных межаў.
Гэты Паўсюдны Касцёл утвараюць партыкулярныя, або мясцовыя, Касцёлы, якімі з’яўляюцца дыяцэзіі — часткі Божага народа, даручанага пастырскай апецы біскупа і святароў. Партыкулярныя Касцёлы не з’яўляюцца нейкімі асобнымі Касцёламі: у іх дзейнічае адзіны, святы, паўсюдны і апостальскі Касцёл, як кажа каталіцкае веравучэнне. Таму партыкулярны Касцёл павінен заўсёды быць у цеснай лучнасці з Касцёлам Паўсюдным, каб мог выконваць даручаную яму місію быць паўсюдным сакрамэнтам збаўлення.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў сваіх бліжэйшых памочнікаў, прысутных на цэлебрацыі дапаможных біскупаў Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага, усіх святароў і вернікаў маліцца за тое, каб чарговая гадавіна адраджэння структур Каталіцкага Касцёла дапамагла ўмацоўваць еднасць мясцовага Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Паўсюдным Касцёлам.
14 красавіка ў 18.30 Радыё Марыя будзе трансляваць запіс святой Імшы з мінскага архікатэдральнага касцёла ў 27-ю гадавіну ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.