11–12 красавіка 2018 г. у Гродне прайшло 69-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прымеркаванае да 27-й гадавіны арганізацыі структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі, якая прыпадае на 13 красавіка.
Падчас пасяджэння біскупы засяродзіліся на наступных пытаннях і прынялі адпаведныя пастановы:
- Рэарганізацыя фармацыі да святарства ў Беларусі.
У межах рэарганізацыі фармацыі да святарства ў Беларусі, згодна з распараджэннямі Кангрэгацыі па справах Духавенства, фармацыя распачынаецца з 1-га курса ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску і далей працягваецца ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
- Куратарам 1-га курса ў МВДС імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прызначаны кс. Андрэй Лішко; рэктарам МВДС у Гродне прызначаны кс. Віталій Вайцяхоўскі.
- Уступны экзамен для прыняцця на 1-ы курс МВДС імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску пройдзе ў два туры:
- 1-ы тур: 09.07 — прыезд; 10–11.07 — экзамены
- 2-і тур: 12.08 прыезд; 13–14.07 — экзамены
- Да ўступнага экзамену на 1-ы курс МВДС імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску да пераліку патрабаваных дакумэнтаў з гэтага года выпускнікам сярэдніх школ неабходна далучыць дакументы з ЦТ (цэнтральнага тэсціравання) па наступных трох прадметах на выбар:
- беларуская / руская мова;
- гісторыя Беларусі / сусветная гісторыя / чалавек і грамадцтва;
- замежная мова.
Кандыдатам з сярэдне-спецыяльнай або вышэйшай адукацыяй неабходна далучыць дыплом аб заканчэнні сярэдне-спецыяльнай або вышэйшай навучальнай установы.
- Згодна са Статутам ККББ адбыліся выбары Старшыні, Намесніка старшыні і Генеральнага сакратара.
Старшынёй абраны арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч; Намеснікам старшыні — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральным сакратаром — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
- Была заслухана справаздача кс. Антонія Грэмзы — адказнага за падрыхтоўку і правядзенне ІІІ сустрэчы моладзі Беларусі, якая пройдзе ў Гродне з 29 красавіка па 1 мая 2018 г. пад дэвізам «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай». Біскупы ўнеслі свае прапановы з мэтай палепшыць правядзенне мерапрыемства.
- Біскупы абмеркавалі падрыхтоўку і правядзенне Будслаўскага фэсту ў 20-ю гадавіну каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай Папскімі каронамі. Сёлетняя ўрачыстасць пройдзе 1–2 ліпеня пад дэвізам «Моладзь – надзея Касцёла і грамадства».
- Была абмеркавана магчымасць удзелу вернікаў з Беларусі ў Апостальскім візіце папы Францішка ў краіны Балтыі, які будзе праходзіць з 22 па 25 верасня 2018 г. Па меры паступлення падрабязнай інфармацыі адносна гэтага візіту ККББ і біскупскія курыі паасобных дыяцэзій будуць інфармаваць вернікаў аб арганізацыі адпаведных пілігрымак.
- Біскупы абмеркавалі магчымасць удзелу вернікаў з Беларусі ва ўрачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні 17 лістапада 2018 г. а 15-й гадзіне ў касцёле св. Тэрэзы.
- Наступнае пасяджэнне ККББ адбудзецца ў Віцебску 15 лістапада 2018 г.