9 красавіка, ва ўрачыстасць Звеставанння Пана, трое навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску былі прынятыя ў шэрагі лектараў — тых, хто ў Касцёле асаблівым чынам прызначаны для служэння Слова і яго чытання вернікам на літургіі.
Лектарат з’яўляецца важнай ступенню на шляху падрыхтоўкі кандыдата да святарства. Пасля прыняцця духоўнай вопраткі — сутаны — кожны семінарыст праходзіць праз наступныя ступені на шляху да прыняцця сакрамэнту пасвячэння.
Гэта — паслугі лектарату і акалітату, якія маюць старажытнае паходжанне і калісьці называліся «малымі пасвячэннямі».
Цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы з устанаўленнем лектараў, якая адбылася ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, узначаліў Вялікі канцлер Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У прамоўленай падчас Імшы гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што прыняцце служэння лектара азначае ў жыцці семінарыста яшчэ большае прысвячэнне сябе абвяшчэнню Добрай Навіны.
«Лектар у Добрай Навіне павінен знаходзіць радасць і моц, а таксама прыкладам свайго жыцця павінен абвяшчаць Езуса Хрыста», — падкрэсліў іерарх.
Біскуп Антоні, узгадваючы сваё шматгадовае служэнне Евангеллю, адзначыў, што лектарат — гэта яшчэ больш цесная сувязь са Словам Божым, дапамога святарам у іх служэнні Евангеллю. Найважнейшым паказчыкам жыцця семінарыста-лектара з’яўляецца не толькі адпаведнае служэнне Божаму Слову, а перадусім цесная сувязь паміж Словам, якое ён абвяшчае, і прысвечаным Пану служэннем.
Глыбей раскрываючы значэнне абраду ўстанаўлення лектараў, біскуп Дзям’янка заўважыў, што ўручэнне Святога Пісання падчас св. Імшы — гэта давер скарбу, чагосьці вельмі каштоўнага.
«Праз прызму Божага Слова мы глядзім на свет. Занураючыся ў Божае Слова, мы абавязаны дзяліцца ім, каб даваць сведчанне. У цеснай сувязі з Богам і Яго Словам мы знаходзім ключ да служэння людзям, якім неабходна абвяшчаць Евангелле сваім жыццём», — настаўляў новапрызначаных лектараў пастыр. Нагадаўшы ім словы св. Аўгустына, ён заклікаў будучых святароў захоўваць прынятае Божае Слова ў чысціні, каб ніколі не абвяшчаць памылковых поглядаў.
На заканчэнне літургіі ўстаноўленыя лектарамі семінарысты падзякавалі біскупу і кіраўніцтву духоўнай семінарыі за тое, што іх палічылі годнымі і дапамаглі зрабіць яшчэ адзін крок да служэння ў Хрыстовым святарстве.