8 красавіка вернікі парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах сабраліся ў святыні, каб падзякаваць Уваскросламу Хрысту за дар яго бясконцай любові і міласэрнасці. Урачыстую св. Імшу ў гэты дзень там узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У сваёй гаміліі біскуп Юрый нагадаў вернікам пра галоўныя прыкметы Бога: Яго любоў і міласэрнасць да кожнага чалавека. Іерарх падкрэсліў, што Бог любіць нас, нягледзячы ні на што; што Ён з намі ў кожную хвіліну нашага жыцця і заўсёды гатовы нам прабачыць, якімі б цяжкімі ні былі нашыя грахі.
Пасля св. Імшы ў супольнай малітве Вяночку да Божай Міласэрнасці ўдзельнікі ўрачыстасці дзякавалі Міласэрнаму Богу за ўсе дары і ласкі, а таксама даверылі Яму ўсё сваё жыццё, просячы аб міласэрнасці для сябе і для ўсяго свету.
У парафіяльным адпусце акрамя асіповіцкіх вернікаў узялі ўдзел таксама госці з Бабруйска, Слуцка і Мар’інай Горкі.