15 сакавіка ў Беларускім інстытуце правазнаўства (БІП) у Магілёве прайшла штогадовая канферэнцыя да Дня Канстытуцыі. Сёлета на ёй абмяркоўвалі смяротнае пакаранне.
Адным з дакладчыкаў канферэнцыі выступіў і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB — біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, які прадставіў пазіцыю Рыма-Каталіцкага Касцёла ў гэтым пытанні.
Сярод іншых удзельнікаў канферэнцыі быў і прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы іерэй Павел Драздоў.
Свой даклад біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB пачаў з падзякі кіраўніцтву БІП за магчымасць выказацца. «Жыццё — гэта дар Бога, і ніхто акрамя Яго самога не вольны вызначаць яго тэрміны і межы», — зазначыў каталіцкі іерарх.
«Шанс стаць лепшым павінен быць у кожнага»
Біскуп дадаў, што Касцёл у сваім вучэнні грунтуецца на двух падмурках: Бібліі і традыцыі Касцёла.
«У Старым Запавеце ёсць згадкі аб тым, што ў адносінах да некаторых злачынцаў ужываецца кара смерці. Напрыклад, за збіццё сваіх бацькоў (пар. Зых 21, 15), за праклёны, чары (пар. Зых 22, 18), садомскія грахі (пар. Лев 20, 13), чужалоства (пар. Лев 20, 10) і г.д. Але толькі ў адным выпадку гаворыцца пра абавязковае смяротнае пакаранне — калі адзін чалавек забіў іншага.
Так сказана ў кнізе Быцця: „Хто пралівае кроў чалавека, праз чалавека будзе праліта і яго ўласная кроў“ (Быц 9, 6). Гэта Стары Запавет.
Новы Запавет заснаваны на любові, дзе Езус Хрыстус праяўляе сваю міласэрнасць. Вы памятаеце выпадак, калі да Езуса прывялі жанчыну, злоўленую на чужалостве? Майсей наказаў закідваць такіх злачынцаў камянямі. А Хрыстус сказаў: „Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень“ (Ян 8, 7). І апусцілі людзі камяні, і адышлі.
Новы Запавет — гэта эра любові. Хрыстус кажа, што жыццё чалавека — святое: Бог яго даў, і толькі Бог мае права яго забраць».
Як дадаў біскуп Яшэўскі, Касцёл існуе для таго, каб прывесці людзей да збаўлення, каб у кожнага была магчымасць патрапіць у рай — месца вечнага шчасця.
«Смерць — неад’емная частка існавання чалавека. Мы ўсе ведаем, што памром. Але галоўнае, каб чалавек мог пакаяцца, вызнаць свае грахі, папрасіць у Бога прабачэння і прымірыцца з Богам у святых сакрамэнтах.
Таму пазіцыя Каталіцкага Касцёла змянілася: з эрай чалавечнасці, са з’яўленнем і развіццём гуманізму мы прыйшлі да высновы, што кара смерці недапушчальная, бо жыццё — святое», — сказаў біскуп.
«Касцёл заўсёды будзе супраць смяротнага пакарання»
Чалавеку, які здзейсніў злачынства, трэба даць магчымасць яго выправіць, усвядоміўшы сваю віну. Як падкрэсліў іерарх, шанц стаць лепшым павінен быць дадзены кожнаму.
«Пакаранне смерцю гэтага шанцу не пакідае. Таму Касцёл лічыць, што смяротнае пакаранне можа быць прыменена толькі ў выпадку абсалютнай неабходнасці, калі няма іншых спосабаў абараніць грамадства (пар. Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла 405).
Сёння такія сітуацыі вельмі рэдкія, бо ва ўсіх дзяржавах ёсць дзейсныя спосабы поўнай ізаляцыі злачынцы ад грамадства. Таму Касцёл заўсёды будзе супраць смяротнага пакарання».