У катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве завяршыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія праходзілі 9–11 сакавіка.
Духоўныя практыкаванні, а таксама малітву праслаўлення праводзіў рэкалекцыяніст кс. Ян Рэчак з Польшчы, запрошаны біскупскім вікарыем для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.
У першы дзень рэкалекцый кс. Ян Рэчак разважаў над тэкстамі з кнігі прарока Осіі (Ос 14, 2–10) і з Евангелля паводле Марка (Мк 12, 28–34).
Як адзначыў святар, жаданне Бога ў тым, каб «...быць нашым асабістым Богам. Не Богам продкаў, бацькоў і іншых. Ён жадае мець сувязь з кожным з нас — тым, каго назваў сваім сынам. Бог хоча ўзяць нашыя справы ў свае рукі.
Нам трэба ўсвядоміць, што мы ўласнымі сіламі не пераможам зла, якое ў сабе носім. Бог хоча, каб мы Яму аддалі зло граху. Ён жа хоча не толькі забраць грэх, але і вылечыць раны сэрца, якія грэх у ім пакінуў».
«Грэх раніць чалавека таму, што мы церпім з-за недахопу любові. Ніякая зямная любоў не ў стане задаволіць чалавека ў поўнай меры. Бог хоча, аднак, каб чалавек меў паўнату любові», — заключыў кс. Ян Рэчак.
Тэксты Літургіі слова з кнігі прарока Осіі (Oc 6, 1–6) і Евангелля паводле Лукі (Лк 18, 9–14) былі асновай разважанняў у другі дзень рэкалекцый.
«Хадземце, вернемся да Пана! Ён нас параніў, Ён нас і вылечыць! Вялікая праўда ў тым, што Бог ведае нашыя раны. Ён быў сведкам кожнай нашай цяжкасці. Дапусціў гэта, бо мае кантроль над усім. Ведае, як вывесці чалавека з цяжкасцяў. У Езусе Бог уваходзіць у нашае жыццё. Сёння Ён паказвае, што сам клапоціцца пра тое, каб несці нашае жыццё. Нам трэба з пакорай прызнаць, што ўласнымі сіламі мы не аздаровімся.
Езус кажа: „Расцісні кулак, адкрый далонь!“ На гэтую далонь Бог можа пакласці дар. Адкрыць далонь — гэта хацець прабачыць, адмовіцца ад помсты. Людзі, якія не хочуць прабачыць, не ў стане прыняць Божую ласку прабачэння. Паглядзі з прабачэннем на бацькоў, на сваіх братоў і сясцёр, на сяброў, на мужа ці жонку, якія здрадзілі табе; на чалавека, які быў у адносінах да цябе несправядлівым. Нават тады (і тым больш тады), калі гэта доўга трымаеш у памяці».
Рэкалекцыяніст такім чынам даў зразумець, што Езус не сцірае памяць — Езус уносіць супакой.
У трэці дзень рэкалекцый святар, абапіраючыся на біблійныя тэксты чацвёртай нядзелі Вялікага посту і прыклады з уласнага вопыту духоўнага жыцця, дапамог прысутным яшчэ больш усвядоміць сутнасць і прыгажосць Эўхарыстыі.
«Бог карыстаецца знакамі. Не можа паказаць нам сваё аблічча. Майсей некалі прасіў, каб Бог паказаў самога сябе. І пачуў, што гэта немагчыма. Чалавек не можа на зямлі ўбачыць Бога і застацца жывым. Але Бог хоча быць вельмі блізкім у жыцці чалавека і знаходзіцца вельмі блізка. Паколькі не можа нам паказаць сваё аблічча, Ён дае нам знакі. У кожнай Эўхарыстыі Ён уваходзіць у нашыя справы».
«Пасля 20 гадоў майго служэння малітвы над людзьмі я ведаю, што часцей за ўсё ласка аздараўлення прыходзіць падчас прыняцця Езуса ў Эўхарыстыі. Ён адорвае найбольш шчодра. І найбольш дзейнічае тады, калі мы трымаем Яго за руку», — зазначыў кс. Ян Рэчак.
«Я спадзяюся, што рэкалецыі прынясуць багаты духоўны плён у нашай парафіі і на нашай магілёўскай зямлі, — падсумаваў пробашч кс. Віталій Маргуноў, выказваючы ад імя вернікаў падзяку рэкалекцыяністу. — Шчыра веру, што сэрцы людзей адкрыюцца для глыбокага перажывання сустрэчы з уваскрослым Езусам, блізкім чалавеку заўсёды».