Пошук

12.03.2018 11:58   Аліна Добыш / Catholic.by

9–10 сакавіка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце прайшло малітоўнае чуванне «24 гадзіны для Пана», якое распачалося ранішняй святой Імшой у пятніцу.

Увесь дзень у касцёл прыходзілі вернікі са сваімі падзякамі і просьбамі. У чуванні бралі ўдзел розныя каталіцкія групы і супольнасці, прадстаўнікі многіх парафій Брэста і ваколіц.

Моладзь з парафіі Св. Юзафа прадставіла інсцэніроўку на тэму цяжкасцяў, праз якія праходзіць вернік, каб наблізіцца да Езуса. Маладымі людзьмі было паказана, што Бог усіх людзей адорвае любоўю і змагаецца з сіламі цемры за кожнага чалавека; дапамагае супрацьстаяць і заўсёды прабачае.

Крыжовы шлях разам з Езусам вернікі прайшлі ажно тры разы. Трэці раз быў незвычайным: шлях прайшоў у выглядзе малітоўнай пастаноўкі, якую прадставіла моладзь з парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Мэтай пастаноўкі было паказаць, што мы патрэбны Богу такія, якія мы ёсць, без усялякіх масак.

Езус сарваў з людзей маскі нявер’я, пагарды, ілжы, страху і іншых чалавечых заганаў і прынёс іх пад крыж.

У «24 гадзінах для Пана» ўзялі ўдзел і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску. Падчас працэсіі з дарамі ім была даручана вельмі адказная місія: прынесці ўсе клопаты, перажыванні, боязі і турботы прысутных, запісаныя на сэрцах, да Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Семінарысты сваім прыкладам заклікалі вернікаў да малітвы і да чытання Святога Пісання.

Святую Імшу ўначы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ён адзначыў, што найвялікшай праявай любові з'яўляецца Крыж. І толькі тыя, хто сапраўды любяць Бога, павінны узяць свой крыж і ісці за Ім.

Біскуп удзяліў благаслаўленне, заўважыўшы, што ў гэты час па ініцыятыве Папы ў малітоўным чуванні яднаецца ўвесь свет.

Гэтыя «24 гадзіны...» натхнілі аддаць усе свае няўдачы, сумненні, турботы і беды Богу, адкінуць нявер’е, узяць свой Крыж і ісці разам з Ім па дарозе, якая вядзе да Вечнага Валадарства.

Абноўлена 12.03.2018 12:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа