Пошук

20.02.2018 11:28   Мікіта Пастухоў / «Газета Слонімская» / Фота: Яўген Малафей / Catholic.by

19 лютага ў Слоніме адбылася таварыская гульня ў міні-футбол паміж зборнай каталіцкіх святароў Гродзеншчыны і камандай ветэранаў, трэнераў і дзеючых гульцоў ФК «Слонім-2017». Піша gs.by.

Як у Слоніме ксяндзы ў футбол гулялі

Сярод удзельнікаў матчу з боку каманды гасцей былі святары з Гродна, Каробчыцаў, Геранёнаў і іншых мясцін Гродзеншчыны.

За Слонім гулялі галоўны трэнер «Слоніма-2017» Алег Кароль, за плячыма якога вопыт гульні за шматлікія замежныя клубы і барысаўскі «БАТЭ», Аляксандр Дзегцяроў, які ў свой час гуляў у маскоўскім «Лакаматыве» і «Тарпеда», трэнер каманды Аляксандр Кадаўбік, былы галоўны трэнер каманды Аляксей Шубянок і іншыя.

У сяброўскай, але ўпартай барацьбе сустрэча завяршылася з лікам 9:8 на карысць слонімцаў.

Ад каманды гасцей сустрэчу пракаментаваў капітан каманды ксёндз Павел Салабуда (на фота — трэці справа) з гродзенскай парафіі Святога Духа:

— Як каманда мы існуем 10 гадоў. Першапачатковай мэтай быў удзел у чэмпіянаце Еўропы сярод святароў. Але акрамя чэмпіянатаў мы праводзім таварыскія гульні. Тут мы хочам паказаць, што святары — гэта таксама людзі, якія цікавяцца чымсьці, займаюцца спортам.

— На які вынік Вы разлічваеце?

— Кожны хоча перамагчы, і каб гульня склалася з добрым вынікам.

— Якія Вашы любімыя гульцы ў прафесійны футбол?

— Нічога новага не скажу наконт гульцоў: гэта Мэсі, Раналда, за гульнёй якіх цікава глядзець. Сярод беларускіх гульцоў вылучу гродзенца Паўла Савіцкага.

Ад слонімцаў гульню пракаментаваў галоўны трэнер ФК «Слонім» Алег Кароль (на фота — чацвёрты справа ў верхнім шэрагу):

— Сёння мне будзе вельмі цікава даведацца, як гуляюць людзі, якія далучаюць людзей да Бога.

—  За Вашу доўгую кар’еру былі выпадкі, калі нехта з Вашых партнёраў па камандах станавіўся святаром?

— Не, такога не было, але былі выпадкі, калі гулялі вельмі веруючыя футбалісты ў тых камандах, дзе і я. Асабліва гэта тычыцца грэкаў і сербаў.

Абноўлена 20.02.2018 12:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.