6 лютага ў Бельгіі распачалася Еўрапейская кантынентальная сустрэча сям’і «Радыё Марыя», на якой прысутнічаюць прадстаўнікі з 25 краінаў Еўропы.
У ліку ўдзельнікаў і супрацоўнікі беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя» на чале з праграмным дырэктарам кс. Аляксандрам Уласам.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць кірунак развіцця «Радыё Марыя» ў свеце, а асабліва ў такіх краінах, як Ангола, Мазамбік, Тога, Кот-д’Івуар, Бразілія, Гаіці, Індыя, Албанія, Косава, Латвія, Македонія, Папуа-Новая Гвінея, Расія, Славакія.
У пачатку сустрэчы з прамовай да прысутных звярнуўся заснавальнік і першы прэзідэнт сусветнай сям’і «Радыё Марыя» Эмануэле Фэрарыо.
Паводле яго слоў, абвяшчаць Евангелле і расказваць пра Хрыста неабходна з радасным сэрцам: «Рабіце тое, што можаце і ўмееце, і гэтага будзе дастаткова».
«Станьце насеннем, крыніцаю для іншых, для тых, хто адчувае смагу Божага слова, надзеі, радасці, дапамажыце небу стаць рэчаіснасцю на зямлі», — адзначыў ён.
Прывітальнае слова да прысутных скіраваў і сённяшні прэзідэнт міжнароднай сям’і «Радыё Марыя» Віторыо Вікардзі.
Узгадваючы Беларусь, Вікардзі адзначыў, што ў нашай краіне радыё адразу прадэманстравала высокі прафесійны ўзровень, значную колькасць праграм, нават не маючы спецыяльных прыладаў.
Прэзідэнт сусветнай сям’і «Радыё Марыя» папрасіў прысутных маліцца за беларускую рэдакцыю «Радыё Марыя», каб ёй удалося атрымаць ліцэнзію СМІ і радыёхвалі для вяшчання ў ФМ-дыяпазоне.
Ён дадаў, што магчымасць слухаць «Радыё Марыя» ёсць нават у хрысціян Сірыі, Ірака, Іарданіі і Егіпта.
У другой частцы сустрэчы ішла праца ў групах, дзе ўдзельнікі абмяркоўвалі планы развіцця радыё ў сваіх краінах, дзелячыся ўласным досведам і ідэямі. Беларусь апынулася ў першай групе разам з прадстаўнікамі Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы.
Завершыцца сустрэча 9 лютага.