Пошук

25.01.2018 19:40   Catholic.by

24–25 студзеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Прадстаўнік Папы сустрэўся з навучэнцамі, фарматарамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўстановы. Візіт іерарха адбыўся перад святам апекуна семінарыі св. Тамаша Аквінскага, якога ў Каталіцкім Касцёле ўзгадваюць 28 студзеня.

«Ваш нябесны апякун у першую чаргу быў чалавекам глыбокай малітвы і жывых адносін з Богам і толькі пазней — чалавекам вялікіх ведаў як у галіне веры, так і агульначалавечага пазнання», — сказаў Апостальскі Нунцый.

Прыводзячы словы папы Францішка, арцыбіскуп Габар Пінтэр нагадаў, што святы Тамаш належаў да ліку вялікіх тэолагаў, якія вывучалі тэалогію, «стоячы на каленях».

«Святы Тамаш заўсёды заставаўся глыбока з’яднаным з Богам, шмат маліўся, каб атрымаць сапраўдны інтэлект, дынамічны, ураўнаважаны, які паходзіць ад Створцы, дзякуючы чаму змог прыняць, без шкоды для сябе, нават паганскія ідэі.

Не пабаяўся вывучаць Арыстоцеля, шукаючы ў яго творах святло, каб лепш зразумець створаны Богам свет.

Далёкі ад прапаганды звар’яцеўшых “хрысціянскіх” ідэй, ён наадварот здолеў учыніць мудрымі нават паганскія ідэі; быў надзвычай адкрытым на ўсё стварэнне, на ўсе чалавечыя ідэі менавіта дзякуючы глыбокім і жывым адносінам з Богам. “Няхай бы даў мне Бог гаварыць з разуменнем, а думаць годна таго, чым адораны я, таму што Ён — правадыр мудрасці і той, хто папраўляе мудрых”, — кажа кніга Мудрасці Саламона (Мдр 7, 15).

Такім чынам, адносіны з Богам не абмяжоўваюць нашае сэрца, не зацямняюць інтэлект, а наадварот — дазваляюць пранікаць у найглыбейшыя прыгажосці стварэння», — заключыў нунцый.

«Дарагія семінарысты! Адным словам, трэба вучыцца на каленях! — заахвоціў арцыбіскуп Габар Пінтэр. — Папросім нашага Пана, праз заступніцтва св. Тамаша Аквінскага, каб адкрыў наш дух на прыняцце ў паўнаце Яго святла, каб з кожным днём, узрастаючы ў будаванні жывых адносін з Богам, мы станавіліся людзьмі, здольнымі накіроўваць іншых да Яго бязмерных багаццяў».

24 студзеня адбылася сустрэча Апостальскага Нунцыя і біскупаў Пінскай дыяцэзіі з супольнасцю семінарыі.

У час сустрэчы біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка пазнаёміў сабраных з гісторыяй семінарыі ў Пінску.

Як падкрэсліў іерарх, кожны пяты выпускнік гэтай духоўнай установы аддаў жыццё за веру, загінуўшы ад рук гітлераўцаў.

Рэшта маладых святароў, якія скончылі семінарыю перад вайной, паводле слоў біскупа, на ўзор мучанікаў першых стагоддзяў хрысціянства неслі душпастырскае служэнне ў найбольш складаныя дзесяцігоддзі атэізму.

«Не было такога на Піншчыне, каб супольнасць вернікаў пакутвала па прычыне недастатковай тэалагічнай фармацыі святара. Апякун семінарыі дапамагае святарам у захаванні чысціні каталіцкага веравучэння, якое грунтоўна выкладаецца ў сценах гэтага будынка — найстарэйшага ў Пінску, сталіцы Палесся», — адзначыў біскуп Дзям’янка.

«Будучыя пастыры душаў, тэолагі, павінны навучыцца тут, у сценах семінарыі, асэнсоўваць выклікі часу ў Божым святле і вучыцца дапамагаць іншым у іх хрысціянскай фармацыі. Дзеля гэтага, між іншым, існуе семінарыя, — нагадаў іерарх. — Заданне пакліканых у муры нашай семінарыі — самім напаўняцца ведамі і мудрасцю, а пасля дзяліцца набытым з тымі, да каго будуць пасланымі ў адпаведны час як святары Каталіцкага Касцёла».

Поўны тэкст прамовы біскупа>>>

«Езус Хрыстус вас, дарагія клерыкі, убачыў і паклікаў з гэтай зямлі. А вернікі, грамадская супольнасць, у якой вы выраслі, тыя, хто клапоціцца цяпер аб вас, якія ўтрымліваюць вас, спадзяюцца, што плённым будзе ваша служэнне Хрысту, адзінаму Збаўцу свету, Касцёлу і Бацькаўшчыне.

Няхай святы Тамаш Аквінскі выпрошвае для ўсіх нас патрэбныя ласкі: для фарматараў, выкладчыкаў, навучэнцаў, служачага персаналу, каб узорна выканаць тое заданне, якое праз Касцёл Божы Провід вызначыў нам у жыцці», — сказаў пінскі ардынарый.

Сумеснае святкаванне урачыстасці св. Тамаша Аквінскага завяршыў музычны канцэрт семінарыйнага гурта «Подых Духа».

Абноўлена 25.01.2018 19:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.