24 студзеня 2018 г.
Апекуны дадзеныя нам дзеля таго, каб іх наследаваць. У чым могуць наследаваць св. Тамаша Аквінскага сённяшнія семінарысты? У пільнасці, у здабыванні неабходных ведаў да служэння ў будучыні ў Касцёле як святары Езуса Хрыста, Добрага Пастыра. У цішыні семінарыйных муроў вы, дарагія клерыкі, павінны навучыцца размаўляць з Богам так, як апякун семінарыі, які, будучы маладым чалавекам, не быў гаварлівым, а быў больш маўклівы і ўважлівы на лекцыях. За гэта яго і празвалі “валом”. Але спраўдзіліся словы сучасніка св. Тамаша, які бачыў стараннасць юнака і які сказаў аб ім прарочыя словы: “Гэты вол маўчыць, але калі ён зарычыць, то яго рык пачуе ўся Еўропа”. У нашы дні выкладчыкі ў семінарыі знаёмяць клерыкаў з багаццем тэалагічнай думкі св. Тамаша Аквінскага.
Вусны святара павінны сцерагчы веды (пар. Мал 2, 7). Гэта значыць, вернікам падаецца навука Касцёла, а не свае асабістыя меркаванні. Святы Тамаш мудрасцю напаўняўся пры адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, прытрымліваючыся дамініканскага правіла contemplata aliis tradere. Святы апякун семінарыі з’яўляецца нашым правадніком на гэтай дарозе.
Многія выпускнікі семінарыі на адказных пасадах прадстаўляюць Касцёл. Не было такога на Піншчыне, каб супольнасць вернікаў пакутвала па прычыне недастатковай тэалагічнай фармацыі святара. Апякун семінарыі дапамагае святарам ў захаванні чысціні каталіцкага веравучэння, якое грунтоўна выкладаецца ў сценах гэтага будынка – найстарэйшага ў Пінску, сталіцы Палесся.
Апякун семінарыі дапамог вылучыць для фармацыі адказных выхаваўцаў на чале з яе першым заснавальнікам Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім, а таксама святарамі, былымі выхаваўцамі, якія прыбылі з біскупам з пецярбургскай семінарыі: кс. Вітольдам Чэчатам, прэфектам, кс. Святаполкам Мірскім, выкладчыкам семінарыі. Таксама да гэтага шэрагу адносіцца кс. Вітальд Івіцкі – першы рэктар, мучанік Другой сусветнай вайны, які, па сведчаннях некаторых, паўтарыў подзвіг св. Максімільяна Кольбэ, аддаючы жыццё за бацьку сям’і. Гэта таксама першы пракуратар кс. Фабіян Абрантовіч, пазнейшы Апостальскі візітатар для католікаў ва ўсходнім Кітаі ў Харбіне. Ён загінуў у невядомых для нас акалічнасцях на Лубянцы. Варта ўзгадаць пракуратара семінарыі кс. Люцыяна Хвецьку, які, збіты гестапаўцамі, памёр на пачатку 1944 года ў пар. Хатава. Вядомая постаць і кс. Ян Васілеўскі – рэктар семінарыі, які загінуў на высылцы ў Краснаярскім краі ў сяле Казачынскае за тое, што не змяніў сваіх поглядаў на дзяржаўны атэізм, не адмовіўся ад напісанай ім кнігі “У шпонах антыхрыста”. Ксёндз Юзаф Казлоўскі – прэфект семінарыі, прыклад тактоўнасці, бескарыслівасці святарскага служэння і вытрымкі. Ён быў расстраляны гітлераўцамі ў Свіслачы ў 1943 годзе.
Дваццаць чатыры выпускнікі семінарыі, святары, загінулі падчас Другой сусветнай вайны (кожны пяты выпускнік), трываючы на пасадах, прызначаных дэкрэтам ардынарыя дыяцэзіі, і да канца абараняючы аўчарню Хрыста ад ваўкоў. Гэта кс. Юзаф Барадын у пар. Налібакі, расстраляны і спалены ў хляве; кс. Юзаф Бартушак з Астравечча каля Нясвіжа, расстраляны ў Баранавічах у 1942 г.; кс. Мечыслаў Багаткевіч, благаслаўлёны, прэфект з Лунінца, расстраляны ў Беразвеччы каля Глыбокага; кс. Баляслаў Брычкоўкі, пробашч з пар. Крывошын каля Ляхавіч, расстраляны ў Баранавічах; кс. Казімір Дамброўскі, пробашч у Стоўбцах, расстраляны ў Калдычэве; кс. Юзаф Даманскі, пробашч з Сейлавічаў, расстраляны каля Нясвіжа ў Гайках; кс. Уладзіслаў Грабельны, расстраляны ў Барысаўскім лесе каля Кобрына за дапамогу яўрэям; кс. Алёйзы Карамуцкі з Косава, расстраляны ў Баранавічах у 1943 г.; кс. Уладзіслаў Клімчак з пар. Парэчча, расстраляны ў Баранавічах у 1942 г.; кс. Станіслаў Копій, застрэлены ў Варшаўскім паўстанні ў 1944 годзе; кс. Мечыслаў Кубік, пробашч з Нясвіжа, расстраляны ў Баранавічах за дапамогу яўрэям; кс. Станіслаў Курэк, пробашч у Ганцавічах, расстраляны бальшавікамі ў нясвіжскім Радзівілаўскім парку; кс. Антоні Леуш са Стоўбцаў, расстраляны ў Калдычэве ў 1942 г.; кс. Дыянізы Малец, вікарый з пінскай катэдры, расстраляны на пачатку 1942 г. у Мінску; кс. Мечыслаў Марконь, пробашч з Заастравечча, расстраляны ў Харкаве ў 1940 г.; кс. Юзаф Мікучэўскі, расстраляны ў Медным у 1940 г.; кс. Станіслаў Новак, пробашч з Дамачава, атручаны гітлераўцамі газам у Калдычэве ў 1942 г.; кс. Ян Езерскі, проб. пар. Гарадзішча, атручаны гітлераўцамі газам у Калдычэве ў 1942 г.; кс. Адольф Слівінскі, смяротна паранены на прыступках касцёла парафіі г. Стоўбцы ў 1941 г.; кс. Альфонс Алешчук, пробашч пар. Новая Мыш, расстраляны ў Баранавічах у 1942 г.; кс. Казімір Рыбалтоўскі з пар. Камень каля Івянца, расстраляны гітлераўцамі ў 1943 г.; кс. Вінцэнты Сюдзінскі, пробашч пар. Сваятычы, расстраляны ў Баранавічах у 1942 г.; кс. Станіслаў Собутка з Граеўкі з Брэста, расстраляны гітлераўцамі летам 1944 года; кс. Уладзіслаў Варпаховіч з Ганцавіч, расстраляны ў 1942 годзе ў Баранавічах.
18 з выпускнікоў семінарыі прайшлі праз вязніцы. З іх праз гітлераўскія вязніцы і канцэнтрацыйныя лагеры прайшлі кс. Ян Беляўскі з Кліхаў, кс. Гжэгаж Каласоўскі з Нясвіжа, кс. Юстын Круглінскі з Семятыч, кс. Станіслаў Лазар з Брэста, кс. Вінцэнты Марчук, кс. Францішак Піваварскі з Кобрына, кс. Мечыслаў Сувала з пар. Дзераўная.
У ГУЛАГ былі змешчаны кс. Вацлаў Пянткоўскі з Мядзведзіч, прэфект семінарыі ў міжваенныя гады, патаемны фарматар кандыдатаў да святарства ў пасляваенныя гады аж да часоў перабудовы (6 гадоў у лагерах Кенгір, Джэсказган і Тэрэкта ў Казахстане), кс. Станіслаў Шаплевіч з Дарава (6 гадоў Мінлаг Інта) кс. Балеслаў Дудзевіч з Драгічына (2 гады ў Архангельскай вобл.), кс. Юзаф Гарадэнскі з Кобрына (7 гадоў у Варкуце, 1 год у Мардовіі), кс. Ян Яжджэўскі з Рыбрына (2 гады ў Сіблагу), кс. Юзаф Каралюк з Немірава (12 гадоў у Варкуце), кс. Вацлаў Краўчык з Брэста (2 гады у Старабельску і Табольску), кс. Станіслаў Лазар з Брэста (6 гадоў у Мінлаг Ухта), кс. Ежы Росяк з Брэста (9 гадоў у Спецлагу ў Нарыльску), кс. Станіслаў Рыжка з Пінска (7 гадоў у Стэплагу Экібастуз, Шурубай-Нура ў Казахстане і ў Камышыне ў Омску), кс. Казімір Свёнтэк з Пружанаў (10 гадоў у Сіблагеру ў Кемераўскай вобл, Варкуцінскі, Інцінскі лаг. МДБ), кс. Міхал Вільнеўчыц з Гайнаўкі (2 гады Котласкага лагеру НКУС).
Выпускнікі ВДС у Пінску адзначаліся вернасцю Апостальскаму Пасаду і Святому Айцу, за што і цярпелі ў розныя часы няпростай гісторыі Касцёла на Палессі ў ХХ стагоддзі. Дзеля карысці, выгады, свабоды дзеяння, славы, лягчэйшай магчымасці евангелізацыі яны не ішлі на кампрамісы. І таму прымалі цярпенні, а ў некаторых выпадках нават і смерць, працяглыя тэрміны зняволення, а на свабодзе – абмовы, асуджэнні, беспадстаўную крытыку, прыніжэнні, знявагі. У часы Савецкага Саюза падрыхтоўку да святарства можна было прайсці ў замежных цэнтрах. Але кошты такой фамацыі не былі вартымі таго. Таму фарматары ў часы атэізму прымалі рашэнне рыхтаваць будучых святароў ў няпростых умовах на месцы. Часта кандыдаты былі пазбаўлены многіх неабходных рэчаў. Яны былі вымушаныя працаваць качагарамі, вартаўнікамі, дазорцамі помпавых станцый, грузчыкамі. Але сама ідэя фармацыі была захавана. Яе не здолелі змяніць тыя, хто імкнуўся выкарыстаць Касцёл у вядомых яму мэтах. Дзякуючы святарам той фармацыі Касцёл на Піншчыне захаваў еднасць са Святым Айцом. Такое адзінства застанецца назаўсёды. Аб гэтым нагадваюць нам вялікія постаці заснавальніка семінарыі, біскупа Зыгмунта Лазінскага, і фарматара да святарства ў часы ваяўнічага атэізму кс. Вацлава Пянткоўскага. Таксама гэта постаць кардынала Казіміра Свёнтка. У часы яго біскупскага служэння духоўная семінарыя атрымала статус Міждыяцэзіяльнай і перайшла ў распараджэнне Апостальскага Пасаду, які Вы, Эксцэленцыя, прадстаўляеце тут, у Беларусі. Тагачасны Папа Рымскі а цяпер наш нябесны заступнік, святы Ян Павел ІІ праяўляў асаблівы клопат, рознымі спосабамі дапамагаў пры ўзнаўленні дзейнасці семінарыі, як сведчыць аб гэтым яго сакратар кардынал Станіслаў Дзівіш. За Святога Айца мы штодзённа молімся, пацвярджаем пашану і паслухмянасць Святому Айцу Францішку і запэўніваем, што асобы, узгаданыя вышэй, з’яўляюцца прыкладам для нас у захаванні еднасці са Святым Айцом.
Нашы папярэднікі – узор для нас, святароў, якія рыхтаваліся ў часы атэізму пад кірункам ксяндза Вацлава Пянткоўскага. Падрыхтаваныя ў тыя часы, яны прышлі на дапамогу Касцёлу пры адраджэнні семінарыі ў Гродне (першы пракуратар кс. Вінцэнты Лісоўскі), пры адраджэнні Касцёла на Брэстчыне (бп. Казімір Велікаселец, кс. Валянцін Новак), на Гомельшчыне, Магілёўшчыне, Міншчыне (кс. Генрых Акалатовіч, с.п. кс. Рышард Юнік). Нашы папярэднікі – гэта і прыклад захавання еднасці са Святым Айцом для тых, хто служыць у розных дыяцэзіях у нашы часы, прайшоўшы духоўную, інтэлектуальную, пастаральную і чалавечую фармацыю ў семінарыі горада над Пінай.
Імкліва і хутка змяняюцца многія рэчы на нашых вачах, знікаюць вёскі і мястэчкі, з’яўляюцца новыя мясцовасці. Разбудоўваюцца некаторыя гарады. Змяняюцца паводзіны чалавека і яго светапогляд. Назіраецца масавая міграцыя, якой не было раней у такіх маштабах. Часта бескрытычна прымаюцца розныя навінкі і вынаходніцтвы, якія ў розных галінах дзейнасці дапамагаюць чалавеку, але і ствараюць пагрозы (атам, генная інжынерыя і г.д.). Нарастаюць і пагрозы з прычыны адсутнасці належнай пашаны да жыцця чалавечага. Мы назіраем і тое, як чалавек без усялякай адказнасці карыстаецца зямнымі багаццямі, а пры гэтым не выказваем свайго пратэсту. Сучасныя залежнасці негатыўна ўплываюць на чалавека, сям’ю і грамадства. Але і з тым паволі звыкаемся. Выклікам з’яўляецца развіццё новых рэлігійных рухаў, ідэйная база некаторых далёкая ад хрысціянскай культуры. Пашырыліся новыя філасофскія, эканамічныя і палітычныя погляды, а некаторыя з іх не маюць нічога агульнага з хрысціянствам. Як мы бачым з гісторыі, тое, што дзесьці паўстае спачатку лакальна (як, напрыклад, нацызм у часы гітлераўскай Германіі), часта распаўсюджваецца вельмі хутка на іншыя прасторы. Многія людзі, на жаль, прымаюць памылковыя погляды і згаджаюцца з імі.
Будучыя пастыры душ, тэолагі, павінны навучыцца тут, у сценах семінарыі, асэнсоўваць выклікі часу ў Божым святле і вучыцца дапамагаць іншым у іх хрысціянскай фармацыі. Дзеля гэтага, між іншым, існуе семінарыя. Заданне пакліканых у муры нашай семінарыі – самім напаўняцца ведамі і мудрасцю, а пасля дзяліцца набытым з тымі, да каго будуць пасланымі ў адпаведны час як святары Каталіцкага Касцёла. Езус Хрыстус, Добры Пастыр, вас, дарагія клерыкі, убачыў і паклікаў з гэтай зямлі. А вернікі, грамадская супольнасць, у якой вы выраслі, атрымалі сярэднюю, а некаторыя з вас вышэйшую адукацыю, тыя хто клапоціцца цяпер аб вас, якія ўтрымліваюць вас, спадзяюцца, што плённым будзе ваша служэнне Хрысту, адзінаму Збаўцу свету, Касцёлу і Бацькаўшчыне. Няхай святы Тамаш Аквінскі выпрошвае для ўсіх нас патрэбныя ласкі: для фарматараў, выкладчыкаў, навучэнцаў, служачага персаналу, каб узорна выканаць тое заданне, якое праз Касцёл Божы Провід вызначыў нам у жыцці.