17 студзеня ў парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Магілёве, дзе айцы кларэтыны будуюць новы касцёл, прайшла пастырская сустрэча з удзелам святароў і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У гэты дзень прэзбітэры, законнікі і законніцы па традыцыі сабраліся на супольную малітву, фармацыйную канферэнцыю і супольную Эўхарыстыю, а таксама абмеркавалі бягучыя справы і павіншавалі з 45-годдзем з дня нараджэння пробашча парафіі Св. Ганны ў Глуску кс. Канстанціна Караку.
Сустрэчу ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У духоўнай канферэнцыі а. Павел Мажэйка ОР зрабіў акцэнт на тэму адказнасці, якая закладаецца, як і ўсе іншыя якасці, у сям’і, патрабуючы асабістага ўкладу чалавека ў яе развіццё.
«Калі мы чуем слова адказнасць, то самая першая асацыяцыя звязана з цяжарам, чымсьці непрыемным, тым, што хацелася б перакласці на іншага. Насамрэч адказнасць — гэта рыса дарослага, сталага чалавека, з якім заўсёды ёсць жаданне супрацоўнічаць, а таксама наследваць яго ў сваім жыцці».
Айцец Павел Мажэйка закрануў і тэму, якой святы Ян Павел ІІ прысвяціў этычны твор пад назвай «Любоў і адказнасць», а таксама на прыкладзе прыпавесці з Евангелля пра марнатраўнага сына нагадаў духоўным і кансэкраваным асобам рэгіёну, што «сапраўдная свабода не можа існаваць без абавязкаў, да якіх кожны пакліканы павінен падыходзіць з адказнасцю».
У сваю чаргу біскуп Аляксандр Яшэўскі ў гаміліі засяродзіўся над адным з аспектаў «нашай аказнасці як біскупа, прэзбітэра, кансэкраванай асобы, а менавіта — быць сведкамі».
Іерарх прааналізаваў глыбокую сімволіку біблейскага фрагмента з Евангелля паводле Яна (Ян 15, 1–8), дзе Езус параўноўвае сябе з вінаграднай лазой, а сваіх вучняў — з вінаграднымі галінкамі.
«Чым вінаградная лаза з’яўляецца для галінак? Усім, апорай, бяспекай, але перш за ўсё крыніцай, якая дае жыццё. Хрыстус кажа вельмі проста і выразна: „Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць“ (Ян 15, 5). Менавіта таму трэба моцна трымацца Хрыста. Рабіць усё з Ім, а таксама для Яго», — падкрэсліў біскуп.
«Божая ласка заўсёды дзейнічае з удзелам і намаганнямі чалавека. Ніводзін плён не нараджаецца сам ні ў штодзённым, ні ў духоўным жыцці, а ласка Божая не дзейнічае без удзелу чалавека і яго намаганняў. Вера ніколі не будзе нараджацца, абуджацца, адраджацца без нашага руплівага, канкрэтнага служэння, дзеля якога мы дабравольна прынялі пасвячэнне і далі манаскія абяцанні», — сказаў іерарх.
Наступная сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна запланавана на 26 лютага і пройдзе ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве. Сустрэча будзе сумешчана са святкаваннем імянін біскупа.