Пошук

09.01.2018 16:50   Ганна Шаўчэнка / Выдавецтва «Pro Christo»

На самым пачатку гэтага года ў выдавецтве «Pro Christo» пабачыў свет ІІІ том кнігі арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча «Laudate Dominum», у якую ўвайшлі гаміліі, даклады, выступленні, інтэрв’ю, прамовы, лісты, звароты іерарха да святароў і вернікаў за 2007–2015 гады.

Кожны з тамоў кнігі мае адмысловае прысвячэнне, якое ў пэўным сэнсе сведчыць пра людзей, месцы і факты, якія адыгралі ў жыцці арцыпастыра знакавую ролю. Так, на ІІІ томе «Laudate Dominum» пазначана: «Прысвячаю Адэльскай парафіі, дзе я нарадзіўся, вырас і выхоўваўся». Ужо сам гэты надпіс выклікае ў чытача цёплы настрой і думкі не толькі пра тыя мясціны, якія далі нашаму народу вялікага і адданага сына, але і пра свой уласны край маленства, тыя мясціны, дзе мы самі зрабілі першыя крокі да Бога.

Гэтым лагодным настроем асвечаны ўвесь ІІІ том шматграннай працы нашага арцыпастыра: у кнізе раскрываюцца пераважна тэмы адраджэння і дзейнасці Касцёла ў Беларусі, вядзецца гутарка пра пасланне Божай Міласэрнасці і яе дзеянне ў жыцці мясцовых хрысціянаў, пра Багародзіцу як нашу ласкавую Маці і магутную Апякунку, пра сям’ю як шлях да святасці, пра абарону жыцця, фармацыю маладога пакалення, а таксама культуру і спорт, якімі актыўна цікавіцца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кожны тэкст Мітрапаліта — гэта асобнае сведчанне перамогі любові над нянавісцю, радасці над прыгнечанасцю і трывогаю, веры над роспаччу і безнадзейнасцю. І ўсе разам гэтыя глыбокія гаміліі, звароты і іншыя матэрыялы, многія з якіх былі агучаныя перад вернікамі падчас разнастайных урачыстасцяў і форумаў, складаюць адно важнае пасланне пра тое, што менавіта Хрыстус з’яўляецца Валадаром гісторыі нашага народа і ўсяго чалавецтва.

У кнігу ўвайшлі тэксты на беларускай, рускай, польскай, англійскай і літоўскай мовах.

Нагадаем, што першыя два тамы кнігі «Laudate Dominum» выйшлі ў 2016 і 2017 гадах і былі прысвечаныя ўрачыстасцям і святам літургічнага года ў Касцёле, Эўхарыстыі, тэмам дабрачыннасці і новай евангелізацыі, вучэнню Другога Ватыканскага Сабору і сацыяльнаму вучэнню Касцёла, асобе святога Яна Паўла ІІ, святарскаму служэнню і кансэкраванаму жыццю, а таксама тэме еднасці хрысціянаў у сучасным свеце.

Набыць усе гэтыя кнігі нашага арцыпастыра можна ў краме «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Максіма Багдановіча, 25. Тэл.: 8 (017) 293 17 53.

Абноўлена 10.01.2018 10:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа