30 снежня ў парафіі Унебаўзяцця Найcвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве прайшла аплаткавая сустрэча членаў Клубу каталіцкай інтэлігенцыі (КІК). У сустрэчы прыняў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У межах сустрэчы біскуп узначаліў святую Імшу. У гаміліі іерарх патлумачыў, чаму Евангелле захавала імя прарочыцы Ганны, яго сэнс, тое, чаму яе бацька названы Фануэль і што азначае яе пакаленне Ашэра.
Біскуп асабліва падкрэсліў неабходнасць і сёння наследваць прыклад Ганны і ўдзень і ўначы ў пастах і малітвах пашыраць веру ў святынях, якія адраджаюцца на Магілёўшчыне.
Пасля Імшы пробашч парафіі кс. Віталій Маргуноў запрасіў членаў КІК у плябанію. Удзельнікі сустрэчы спявалі песні, потым дзяліліся аплаткамі і за агульным сталом з гарбатай і печывам абмяркоўвалі вынікі года і пазначалі накірункі працы на будучы год. Між іншым, біскуп Аляксандр Яшэўскі прапанаваў узмацніць дзейнасць па адраджэнні культу Маці Божай Бялыніцкай.