Вечарам 25 снежня касцёл святога Антонія ў Мар’інай Горцы быў напоўнены хваляваннем. І не толькі таму, што святкаваліся доўгачаканыя народзіны Таго, хто ашчаслівіў і збавіў гэты свет.
Таксама і таму, што традыцыйна гэтым снежаньскім вечарам уздельнікі парафіяльнага вакальна-харэаграфічнага гурта «Папараць-кветка» ўзносяць хвалу Богу сваімі талентамі, дзякуючы за ўсе атрыманыя ад Збаўцы дары.
Гэтым разам артысты прапанавалі гледачам інтэрпрэтацыю казкі «Беласнежка і сем гномаў». Узнёслы спеў, гукі скрыпкі, танцы і непасрэднасць выступаючых па-сапраўднаму захапілі парафіянаў. Вернікі ў касцёле падхапілі калядку і спявалі разам з артыстамі.
Напрыканцы паказу да дзяцей завітаў святы Мікалай. Усе дзеці даўно чакалі сустрэчы з ім і былі паслухмянымі на працягу года. Акрамя таго, дзеці актыўна ўдзельнічалі ў Раратах, рыхтавалі свае сэрцы да свята Божага Нараджэння і выконвалі своеасаблівае заданне: кожны павінен быў прынесці на гэтую сустрэчу складзены макет касцёла.
Святы Мікалай быў уражаны колькасцю, акуратнасцю і прыгажосцю выкананых работ. Парадавалі святога і правільныя адказы на пытанні.
У дзень Божага Нараджэння разам са Святой Сям’ёй дзеці жадалі ўсім парафіянам супакою, радасці, надзеі і любові. «Няхай ваша надзея будзе зелянейшай за святочную ялінку, а дабрыня аплаткі напаўняе кожны ваш дзень і кожнае вашае слова», — жадалі ўсім сабраным дзеці.