15-17 снежня ў Оршы адбылася канферэнцыя, прысвечаная метаду распазнавання плоднасці, арганізаваная дабрачынным фондам «Адкрытыя сэрцы». Акцэнт падчас канферэнцыі быў зроблены на методыцы «Міла-тэрапія» як адным з сучасных метадаў распазнавання плоднасці.
Асноўным дакладчыкам стала ўрач вышэйшай катэгорыі з 40-гадовым акушэрскім стажам Людміла Баракава, якую дапаўнялі ўрачы з Францыі — Рэнэ і Ізабэль Экошар, а таксама беларускія дактары і настаўнікі МРП — Вольга Несцерава, Уладзіслаў Валаховіч, Алена Малышкіна і Вераніка Сярдзюк.
Метад распазнавання плоднасці і лячэнне «бясплоддзя»
Метад распазнавання плоднасці (далей — МРП) не з'яўляецца для беларускіх католікаў нечым новым і незвычайным, бо перад сакрамэнтам сужэнства жаніх і нявеста павінны быць азнаёмлены з ім для таго, каб потым у сужэнскім жыцці пазбегнуць кантрацэпцыі ці абортаў.
У некаторых парафіях ёсць нават свае настаўнікі МРП, якія вядуць навучанне сужэнскіх пар. Аднак інфармацыя аб тым, што МРП вельмі эфектыўны ў сітуацыі паніжанай плоднасці, практычна недаступная католікам, а тым больш вернікам іншых канфесій.
Чаму гэтая інфармацыя важная менавіта для вернікаў? Таму што сёння часцей за ўсё медыцына сужэнцам з дыягназам «бясплоддзе» прапануе экстракарпаральнае апладненне, якое з'яўляецца грубым гвалтам над чалавечай прыродай і не можа быць прымальным для хрысціянаў.
У некаторых краінах (ЗША, Ірландыя, Польшча) сярод католікаў атрымала распаўсюджванне НаПротэхналогія лячэння бясплоддзя, заснаваная на МРП Білінгса. Яна цалкам прымальная з маральнага пункту гледжання, аднак у краінах СНД НаПротэхналогія практычна недаступная і да таго ж з'яўляецца даволі дарагой методыкай, бо ўключае ў сябе шэраг дарагіх аналізаў і медыкаментаў, не кажучы аб хірургічных маніпуляцыях.
«Міла-тэрапія»
Аднак у нашых краінах за апошнія 10 гадоў, дзякуючы працы псіхатэрапеўта з Масквы Галіны Масленікавай і акушэр-гінеколага з Санкт-Пецярбурга Людмілы Баракавай была створана новая методыка дапамогі парам з паніжанай плоднасцю. Гэтая методыка заснавана на англійскім сімптатэрмальным метадзе і атрымала назву «Міласэрная тэрапія», або Міла-тэрапія.
Коратка сутнасць Міла-тэрапіі як дапамогі сужэнскім парам з паніжанай плоднасцю можна выкласці ў некалькіх пунктах:
1. Надаецца вялікая ўвага свядомаму перажыванню сужэнскай плоднасці, уважліваму назіранню за яе рытмамі і сімптомамі. Фактычна гаворка ідзе аб спакойным і павольным сузіранні вялікага дару плоднасці. Для веруючых мужа і жонкі гэта шанс перажыць гэты этап як сустрэчу з Творцам, які запрашае да стварэння новага жыцця разам з Ім. На гэтым этапе ўсведамляюцца і духоўныя прычыны, што прывялі да паніжанай плоднасці або бяздзетнасці.
2. Менавіта таму варта прысвяціць як мінімум 6-8 месяцаў уважліваму вывучэнню МРП і падрыхтоўцы да зачацця пры дапамозе выбару спрыяльнага сезону года, змены сілкавання, ладу жыцця, нават змены асвятлення — па сутнасці, гаворка ідзе пра экалогію сужэнства.
3. Выключаюцца любыя ўмяшанні ў здароўе мужа і жонкі. Міласэрнасць Міла-тэрапіі заключаецца ў першую чаргу ў асцярожным стаўленні да здароўя сужэнцаў, гарманальнай сістэмы жанчыны і павазе да годнасці мужчыны, якога не трэба прыніжаць рознымі аналізамі накшталт спермаграмы.
Вынік Міла-тэрапіі залежыць ад матываванасці мужа і жонкі, іх жадання навучыцца не спяшацца, а сузіраць і ўсведамляць дар плоднасці. Сярод тых сужэнцаў, а гаворка ідзе пра сотні пар, якія даверыліся гэтай асцярожнай і мяккай методыцы і паслядоўна карысталіся ёй не менш за год, працэнт зачаццяў досыць высокі — каля 70%. У практыцы сустракаліся выпадкі, калі доўгачаканае дзіця нараджалася пасля 30 цыклаў назіранняў (больш за 2 гады).
Па пытаннях, звязаных з Міла-тэрапіяй, можна звяртацца ў Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», prolife-belarus.org, па тэлефоне: 306-22-22 (МТС, Velcom).