Пошук


14 снежня ў будынку Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі прайшла прэс-канферэнцыя біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з прадстаўнікамі мясцовых СМІ, падчас якой іерарх адказаў на найбольш актуальныя пытанні.

Пра візіт да Папы

«Перадусім мне хочацца падзяліцца радасцю ад таго, што Касцёл на Беларусі жыве, нягледзячы на розныя цяжкасці», — адзначыў біскуп Алег Буткевіч, адказваючы на пытанне журналістаў, пра што найперш ён хацеў бы распавесці Папу Рымскаму падчас сустрэчы ў межах візіту ad limina apostolorum.

Візіт здзейсніць Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з 31 студзеня па 7 лютага 2018 г. «Гэта вялікая і значная падзея для ўсяго Касцёла на Беларусі», — падкрэсліў іерарх.

Распавядаючы пра асаблівасці будучага візіту, Віцебскі ардынарый паведаміў, што першае пытанне, якое будзе закранута на сустрэчы з Папам, — на якой стадыі знаходзіцца пытанне яго візіту ў Беларусь.

«Асабіста я хачу падзякаваць Пантыфіку за тое, што ён заўсёды памятае пра нашую краіну, і распавесці пра сітуацыю ў Віцебскай дыяцэзіі», — дадаў біскуп Віцебскі.

      

Ці будзе адбудаваны касцёл св. Антонія ў Віцебску?

«На сёння мы вядзем падрыхтоўчыя працы па адбудове касцёла св. Антонія», — паведаміў біскуп.

Неабходна адзначыць, што праблема адбудовы віцебскага касцёла св. Антонія даўно хвалюе грамадскасць, і гэта бадай адно з тых пытанняў, якое з года ў год паўтараецца на перадкаляднай прэс-канферэнцыі з удзелам Віцебскага ардынарыя. Іерарх распавёў, што зараз вырашаюцца пытанні, звязаныя з археалагічнымі даследаваннямі касцёла.

«Аднак распачаць збор сродкаў на аднаўленне святыні мы зможам толькі тады, калі атрымаем дазвол на яе адбудову», — адзначыў біскуп Алег Буткевіч.

«Для Бога няма нічога немагчымага. Мы ўжо шмат працы зрабілі ў гэтым накірунку. Аднаўленне касцёла св. Антонія — вельмі важная для Віцебска справа. Гэта не проста чарговы сакральны будынак, гэта перадусім адзін з тых знакавых будынкаў, што калісьці ўпрыгожваў цэнтр горада», — заключыў іерарх.

Абноўлена 15.12.2017 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.