Пошук

12.12.2017 09:21   Павел Міцкевіч / Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
Сёстры з Кангрэгацыі місіянерак любові нясуць служэнне ў Доме міласэрнасці ў Гомелі

Генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі місіянерак любові — манаскай супольнасці, заснаванай св. Маці Тэрэзай з Калькуты — наведвае беларускі Гомель 11-12 снежня.

Сястра Марыя Прэма Перык, якая ўзначальвае Кангрэгацыю з 2009 г., упершыню прыедзе ў Беларусь. Яна наведвае 17 дамоў, размешчаных у Расіі, Беларусі і Літве. 64-гадовая немка — трэцяя генеральная настаяцельніца пасля св. Маці Тэрэзы і сястры Нірмалы Джошы з Індыі.

У Гомелі сястра Прэма прабудзе паўтара дні, распавяла Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старэйшая сястра гомельскай супольнасці Рамана Марыя Корч.

«Сястра прыязджае, каб пабыць разам з намі, каб паглядзець, што мы тут робім, і проста пазнаёміцца. Дзве з нашых законніц яшчэ ніколі не сустракаліся з генеральнай маці. Гэтыя дні разам з ёй будзем праводзіць толькі ў нашым доме, для экскурсій па горадзе не будзе магчымасці. Маці прыязджае, каб удзяліць кожнай з нас час», — адзначыла манахіня.

У гомельскім Доме міласэрнасці — адзіным у Беларусі месцы знаходжання сясцёр Маці Тэрэзы — ужо больш за 20 гадоў нясуць служэнне пяць-шэсць законніц з розных краін свету: Індыі, Польшчы, Філіпін.

Тут кормяць і лечаць бедных і беспрытульных, дапамагаюць праблемным і шматдзетным сем’ям. У апошні раз генеральная настаяцельніца ордэна, тады сястра Нірмала, прыязджала ў Гомель у 2000 годзе.

Кангрэгацыя місіянерак любові была заснавана Маці Тэрэзай у 1948 г. у індыйскай Калькуце. Мэтай стала дабрачынная дзейнасць сярод абяздоленых жыхароў Калькуты, незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці.

Законніцы складаюць чатыры абяцанні: паслухмянасці, міласэрнасці, беднасці і служэння найбяднейшым з бедных. Паводле статута, напісанага Маці Тэрэзай, яны павінны жыць, падобна іх падапечным, у дасканалай беднасці.

Абноўлена 12.12.2017 11:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця