Пошук

11.12.2017 12:58   Тэкст: Яўген Хаданёнак / Фота: Ілья Ваніслаўчык, Уладзіслаў Козел / Catholic.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у пінскай катэдры прайшло малітоўнае набажэнства.

Вернікі аддалі хвалу Маці Божай, спяваючы супольна з катэдральным хорам старажытную малітву Акафіст — праслаўленне Уцелаўлёнага Слова і Яго Маці Марыі.

У набажэнстве прынялі ўдзел таксама навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага. Падчас малітвы кожны мог запаліць свечку як выраз сваёй любові, даверу і ўдзячнасці да нябеснай Маці. На тварах парафіянаў бачылася засяроджанасць, а з вуснаў даносілася няспынна спяванае слова Арханёла Габрыэля «Радуйся...». На заканчэнне Акафіста ў гонар Багародзіцы ў выкананні семінарыста Іллі Ваніслаўчыка прагучала «Авэ Марыя» Качыні.

   

Адразу пасля набажэнства адбылася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў ксёндз Павел Врубель, пробашч катэдральнай парафіі. У гаміліі святар звярнуў увагу на вернасць і паслухмянасць Маці Божай волі Бога Айца, а таксама падзяліўся сваім досведам святарскага жыцця, паколькі ў гэты дзень святкаваў дзясятую гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.

На заканчэнне Эўхарыстыі вернікі з дзвюх парафій Пінска павіншавалі кс. Паўла Врубеля з 10-годдзем святарства. Знакам іх малітоўнай памяці стала заснаваная «Маргарытка», удзельнікі якой урачыста паабяцалі кожны дзень маліцца за кс. Паўла. Да віншаванняў далучыліся і семінарысты, якія заспявалі радасны спеў «Хай цябе Пан Бог благаславіць».

Абноўлена 11.12.2017 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа