Пошук

09.12.2017 10:46   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага, ілюстрацыйнае

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

Гаворачы ў гаміліі пра гэтую ўрачыстасць, іерарх звярнуў увагу, што яна «дапамагае нам усвядоміць праўду нашай веры аб тым, што моцаю будучых заслуг Езуса Яго Маці Марыя было вызвалена ад першароднага граху ў хвіліну свайго Зачацця».

«Гэта дар, які Марыя атрымала ад Бога, дар паўнаты Божай ласкі. Яму Яна засталася вернай усё сваё жыццё», — адзначыў Мітрапаліт.

«Мы перажываем Адвэнт — час радаснага чакання прыйсця Пана. Дзякуючы Беззаганнаму Зачаццю, Бог падрыхтаваў улонне, у якое Марыя дазволіла прыйсці Збаўцы, — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. — На авансцэне Адвэнту знаходзіцца св. Ян Хрысціцель, які заклікае да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу. А гэта якраз тое, што Бог учыніў праз Марыю, дзякуючы Яе Беззаганнаму Зачаццю. Момант Яе Беззаганнага Зачацця — гэта не што іншае, як Адвэнт самога Бога. Праз Беззаганнае Зачацце Нябесны Айцец рыхтуе дарогу свайму Сыну ў грэшны свет».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Па словах арцыпастыра, рэакцыя Марыі на Божую волю — «прыклад лагоднага падпарадкавання». «На вестку аб тым, што Бог абраў Яе быць Маці Збаўцы, Яна засумнявалася, бо не магла зразумець, як, не будучы замужам, можа стаць маці. Таму спыталася арханёла Габрыэля, як гэта можа адбыцца. І толькі пасля яго тлумачэнняў, што Яна зачне моцаю Святога Духа, Яе цікавасць была задаволена і Яна згадзілася з Божай воляй», — патлумачыў іерарх.

Як дадаў Мітрапаліт, адказ Марыі: «Няхай мне будзе паводле твайго слова», якім Яна выказала згоду з Божай воляй, «перайшлі ў гісторыю як словы, дзякуючы якім распачалася новая эра ў гісторыі чалавецтва — эра збаўлення». Таму «Адвэнт Марыі — гэта час здзіўлення і згоды з Божай воляй».

«Мы ўсе тым ці іншым чынам, у той ці іншы час адчуваем сябе падобна як адчувала Марыя падчас Звеставання. Аб гэтым найлепей могуць сведчыць нечаканыя справы, напрыклад, тэлефонны званок, на які мы не спадзяёмся; ліст ад чалавека, пра якога мы даўно забыліся; дыягназ, якога лепей ніколі не чуць.

Спазнаючы падобнае, мы чакаем парады ад Бога, бо самі часта не можам вырашыць, як паступіць. У святле сённяшняга Евангелля адказ можа быць адзін: “Для Бога няма нічога немагчымага”. Пасля гэтага ніякія аргументы не маюць моцы, прыкладам чаго з’яўляецца Марыя», — заўважыў іерарх.

«Давяраючы Богу, для якога няма нічога немагчымага, мы таксама можам і павінны спрыяць перамене свету на лепшы», — сказаў Мітрапаліт.

«Евангелле называе Марыю “поўнай ласкі”. (…) Будучы такой, Марыя вучыць нас перажываць Адвэнт як час чакання прыйсця Пана. Таямніца Марыі не з’яўляецца чужой для кожнага з нас, бо Бог таксама з любоўю глядзіць і на нас. Ён нас выбраў, каб былі Яго дзецьмі і каб, дзякуючы ўдзелу ў сакрамэнтах, жылі свабодным ад граху жыццём», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 09.12.2017 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.