Мінская катэдра, 8 снежня 2017 г.
Беззаганна Зачатая Марыя – акно боскага святла
Дарагія браты і сёстры, прыхільнікі Божай Маці!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых галоўных святаў – урачыстасць Беззаганнага Зачацця Насвяцейшай Панны Марыі. Гэтая ўрачыстасць дапамагае нам усвядоміць праўду нашай веры аб тым, што моцаю будучых заслуг Езуса Яго Маці Марыя было вызвалена ад першароднага граху ў хвіліну свайго Зачацця.
Гэта дар, які Марыя атрымала ад Бога, дар паўнаты Божай ласкі. Яму Яна засталася вернай усё сваё жыццё.
Адзін святар распавёў наступную гісторыю. У касцёл, дзе ён служыў, прышло некалькі яўрэяў, якія вельмі дзівіліся прыгожым вітражам і казалі, што, на жаль, у іх няма такіх. На што святар адказаў, што з яўрэйскага народа выйшла нешта больш прыгожае, чым вітражы – а менавіта Беззаганна Зачатая Марыя. Ніякія вітражы не могуць параўнацца з Ёй сваёй прыгажосцю. Як дзякуючы вітражам мы можам дзівіцца прыгажосці розных колераў, так і Марыя з’яўляецца акном Божага святла.
2. Вельмі прыгожа гэтую думку пацвярджае амерыканскі каталіцкі мысляр, манах Ордэна трапістаў Томас Мэртан. А менавіта, што Марыя з’яўляецца такой духоўна чыстай, як чыстае шкло добра вымытага акна, якое дазваляе сонечнаму святлу праходзіць у памяшканне. Радуючыся гэтаму святлу, мы адначасова свядома ці несвядома хвалім чысціню акна.
Гэтыя словы Томаса Мэртона вельмі добра характарызуюць Марыю ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця. У некаторых нашых касцёлах таксама ёсць вітражы, праз якія праходзіць сонечнае святло ў розных колерах і якім такім чынам прадстаўляюць святога ці святую або нейкую праўду нашай веры. Марыя з’яўляецца такім духоўным вітражом, які напаўняе нас боскім святлом.
3. Мы перажываем Адвэнт – час радаснага чакання прыйсця Пана. Дзякуючы Беззаганнаму Зачаццю, Бог падрыхтаваў улонне, у якое Марыя дазволіла прыйсці Збаўцы, да свята Нараджэння якога мы рыхтуемся.
На авансцэне Адвэнту знаходзіцца св. Ян Хрысціцель, які заклікае да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу. А гэта якраз тое, што Бог учыніў праз Марыю, дзякуючы Яе Беззаганнаму Зачаццю. Момант Яе Беззаганнага Зачацця – гэта не што іншае, як Адвэнт самога Бога. Праз Беззаганнае Зачацце Нябесны Айцец рыхтуе дарогу свайму Сыну ў грэшны свет.
4. А як да гэтага ставіцца Марыя? Якім быў Яе Адвэнт? Яе рэакцыя – гэта прыклад лагоднага падпарадкавання. На вестку аб тым, што Бог абраў Яе быць Маці Збаўцы, Яна засумнявалася, бо не магла зразумець, як, не будучы замужам, можа стаць маці. Таму спыталася арханёла Габрыэля, як гэта можа адбыцца. І толькі пасля яго тлумачэнняў, што Яна зачне моцаю Святога Духа, Яе цікавасць была задаволена і Яна згадзілася з Божай воляй.
Напэўна, многія з нас адчувалі смутак, калі не маглі быць на канцэрце ці спартыўным спаборніцтве з-за таго, што не было білетаў. Напэўна, і злы дух хацеў бы прысутнічаць падчас Звеставання, падчас сустрэчы арханёла Габрыэля з Марыяй. Але яго там не было, бо Бог так распарадзіўся, што яму, умоўна кажучы, не дасталася білета. У назарэтанскі дом былі толькі два білеты – для арханёла і Марыі. Чаму? Бо Марыя была Беззаганна Зачатай і захавала чысціню сэрца праз усё сваё жыццё. Там, дзе ёсць Божая ласка, няма месца злому духу.
Яе словы: “Няхай мне будзе паводле твайго слова”, якімі Яна выказала згоду з Божай воляй, перайшлі ў гісторыю як словы, дзякуючы якім распачалася новая эра ў гісторыі чалавецтва – эра збаўлення. Таму Адвэнт Марыі – гэта час здзіўлення і згоды з Божай воляй.
5. Мы ўсе тым ці іншым чынам, у той ці іншы час адчуваем сябе падобна як адчувала Марыя падчас Звеставання. Аб гэтым найлепей могуць сведчыць нечаканыя справы, напрыклад, тэлефонны званок, на які мы не спадзяёмся; ліст ад чалавека, пра якога мы даўно забыліся; дыягназ, якога лепей ніколі не чуць.
Спазнаючы падобнае, мы чакаем парады ад Бога, бо самі часта не можам вырашыць, як паступіць. У святле сённяшняга Евангелля адказ можа быць адзін: “Для Бога няма нічога немагчымага”. Пасля гэтага ніякія аргументы не маюць моцы, прыкладам чаго з’яўляецца Марыя.
6. У Адвэнт мы перажываем самыя кароткія дні і самыя доўгія ночы. Гэта вельмі сімвалічна, бо якраз у гэты час у нашу гісторыю ўваходзіць Марыя, дзякуючы чаму цемру прасвятляе боскае святло.
Мы можам дзівіцца і можам сумнявацца. Можам быць таксама занепакоены нашай будучыняй. Але Марыя ахвяруе нам нешта большае, а менавіта словы арханёла Габрыэля: “Для Бога няма нічога немагчымага”.
Калі Адвэнт Марыі – гэта час здзіўлення і згоды з Божай воляй, то такім павінен быць і наш Адвэнт. Марыя, згаджаючыся з Божай воляй, усклала на свае кволыя плечы заданне, якое перавышае чалавечую магчымасць, кажа папа Бэнэдыкт XVI. Можам сабе толькі ўявіць, як сціплая дзяўчына рыхтавалася да задання, якое павінна было перамяніць свет. Давяраючы Богу, для якога няма нічога немагчымага, мы таксама можам і павінны спрыяць перамене свету на лепшы.
Евангелле называе Марыю “поўнай ласкі”. Менавіта так Бог прадстаўляе нам Маці Збаўцы. Будучы такой, Марыя вучыць нас перажываць Адвэнт як час чакання прыйсця Пана. Таямніца Марыі не з’яўляецца чужой для кожнага з нас, бо Бог таксама з любоўю глядзіць і на нас. Ён нас выбраў, каб былі Яго дзецьмі і каб, дзякуючы ўдзелу ў сакрамэнтах, жылі свабодным ад граху жыццём.
Няхай жа Адвэнт, які перажываем, стане часам, калі мы ўбачым святло збаўлення, што прыйшло ў свет праз акно, якім з’яўляецца Марыя. Няхай стане часам згоды з Божай воляй і часам нашай духоўнай перамены з мэтай перамены свету на лепшы. Амэн.