Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі праводзіць перад святамі Божага Нараджэння штогадовую дабрачынную акцыю «Калядная свечка».
Сабраныя ад продажу свечак сродкі пойдуць на дапамогу сацыяльна неабароненым дзецям. Кожны, хто хоча дапамагчы дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе, можа далучыцца да дабрачынных спраў «Карытас».
Дырэктар гродзенскага «Карытас» кс. Раман Рачко адзначыў, што сабраныя ахвяраванні будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе: сіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі, якія з’яўляюцца інвалідамі.
Штогод дзякуючы служэнню «Карытас» сотні дзяцей маюць магчымасць удзельнічаць у летніх аздараўленчых лагерах, у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, прымаць удзел у спецыяльных святах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, атрымліваць адрасную дапамогу.
З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. Далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.
Дабрачынная акцыя «Калядная свечка» праходзіць у Беларусі ўжо даволі працяглы час. З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш вернікаў, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.