Першая сустрэча новай для Беларусі салезіянскай суполкі для сем’яў ADMA Сям’я (асацыяцыя сем’яў-шанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў) прайшла 3 снежня ў Мінску.
Сустрэча адбылася ў араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі Св. Яна Хрысціцеля. Удзельнікі суполкі хочуць дасягнуць святасці па прыкладзе ксяндза Боско, звяртаючы асаблівую ўвагу на частую Эўхарыстыю і пашырэнне культу Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Гэтыя дзве калоны ратавання чалавецтва — Эўхарыстыя і Марыя — ксёндз Боско бачыў у прароцкім сне.
У суполцы акцэнты ставяцца на малітву сем’яў адно за аднаго, узаемадапамогу, дзяленне духоўным вопытам, таксама будзе праводзіцца пэўная духоўная фармацыя.
Арганізатары запрасілі сем’і, звяртаючы асаблівую ўвагу на маладых. Станаўленне такой суполкі ў Беларусі з’яўляецца пэўнага кшталту адказам салезіянскай супольнасці Мінска на шматлікія новыя выклікі, якія паўстаюць перад сучаснай сям'ёй.
Гэта прапанова для тых, хто жадае сур’ёзна перажываць сваё пакліканне як муж і жонка, як бацькі і дзеці, як браты і сёстры, знаходзячы ў штодзённасці час для малітвы, адносін, прабачэння і міласэрнасці. Мэта ўдзельнікаў суполкі — наследаваць сямейны стыль добразычлівасці, характэрны для салезіянскай харызмы, стыль араторыя, вучачыся пад наглядам Езуса і Марыі перажываць кожны момант, нават самы нязначны, не губляючы надзеі і ўзаемнай любові, дапамагаючы адно аднаму.
У суполцы адны моляцца за іншых, а дапамога і салідарнасць з’яўляюцца канкрэтнымі жэстамі.
Каля 15 сем’яў, якія жадалі паспрабаваць гэты новы вопыт, прыйшлі разам са сваімі дзецьмі на святую Імшу. Пасля будучыя ўдзельнікі ADMA Сям’я былі запрошаны ў араторый на праграму для дзяцей і бацькоў, падрыхтаваную кс. Іванам Огарам SDB, сёстрамі салезіянкамі і аніматарамі.
Дарослыя працавалі ў групах, распачаўшы з гульні, арыентаванай на больш цеснае знаёмства. Далейшая праца ў групах працягвалася разважаннямі на тэму перажывання Адвэнту ў сям'і, паколькі першая сустрэча супала з яго пачаткам. Тэма канферэнцыі, абраная каардынатарамі суполкі, датычылася гісторыі ўзнікнення ADMA Famiglie, якая прайшла шлях ад маленькай мясцовай суполкі да вялікай міжнароднай супольнасці.
Што такое ADMA Сям’я?
Вопыт такіх сустрэч нарадзіўся ў калысцы салезіянскай сям'і на Вальдокко (Італія). ADMA Сям’я — ADMA Famiglie у перакладзе з італьянскай мовы — Асацыяцыя сем’яў-шанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Каардынатары суполкі ADMA Сям’я ў Мінску кс. Іван Огар SDB і с. Тэрэса Сольнічэк FMA запрашаюць да ўдзелу сем’і, асабліва маладыя. Дзяцей можна і трэба браць з сабой. Наступная сустрэча — аплаткавая — пройдзе 17 снежня ў 12.00 па вул. Пляханава, 28/1.
За дадатковай інфармацыяй звяртацца да кс. Івана Огара SDB па тэлефоне +375 29 691 02 22.