Напярэдадні Адвэнту, 2 снежня, у мінскім Чырвоным касцёле адкрылася касцёльна-экалагічная выстаўка «Чалавек і стварэнне». Экспазіцыю падрыхтавала некамерцыйная ўстанова «Цэнтр экалагічных рашэнняў» сумесна з Каталіцкім Касцёлам у Беларусі.
Мэта выстаўкі «Чалавек і стварэнне» – на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў прадэманстраваць розныя спосабы ўдзелу хрысціян у клопаце аб стварэнні, а таксама раскрыць ролю чалавека і Касцёла ў вырашэнні экалагічных праблем сучаснасці. Экспазіцыя створана пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў.
На інфармацыйных стэндах у выглядзе рол-апаў памерам 1х2 м можна было пазнаёміцца з роляй чалавека і Касцёла ў вырашэнні экалагічных праблем сучаснасці.
На адкрыцці выстаўкі прысутнічаў таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства са сваім словам. Іерарх нагадаў пра важнасць клопату і абароны навакольнага асяроддзя.
«Трэба памятаць аб тым, што створаны свет – гэта наш супольны дом. І калі мы клапоцімся аб парадку ў нашым памяшканні, то павінны чыніць тое ж самае і з навакольным светам, з тварэннем. Гэта наш маральны абавязак», — заўважыў арцыбіскуп.
Але «экалагічнае» навяртанне, паводле іерарха, немагчымае без духоўнага навяртання. Таму, як адзначыў арцыбіскуп, вельмі сімвалічна, што выстаўка адкрываецца менавіта на пачатку Адвэнту — «часу навяртання і чакання на прышэсце Збаўцы». Яна, такім чынам, арганічна ўпісваецца ў яго святкаванне.
«Святы Айцец Францішак у энцыкліцы пра экалогію “Laudato sì” заахвочвае ўсіх людзей сумесна, як Божыя інструменты, кожны са сваёй культурай, ініцыятывамі і магчымасцямі, працаваць у галіне аховы стварэння… Дзякую арганізатарам экспазіцыі — “Цэнтру экалагічных рашэнняў” і Касцёлу. Спадзяюся, што яна будзе спрыяць больш актыўнаму ўдзелу нашых суайчыннікаў у клопаце аб захаванні наваколля і вырашэнні экалагічных праблемаў, з якімі мы сустракаемся штодзённа», — зазначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Плануецца, што матэрыялы экспазіцыі ў будучым будуць выкарыстоўвацца ў парафіях, нядзельных школах і падчас розных касцёльных мерапрыемстваў.