26 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, у мінскай парафіі Свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
У сваёй гаміліі іерарх звярнуў увагу на прысутнасць Хрыста ў кожную хвіліну нашага жыцця:
«Гэта не азначае, што Езус навязвае нам сябе, бо гэта абмяжоўвала б нашу свабоду. Езус не навязвае, а толькі прапануе сваё вучэнне, а мы яго прымаем або адмаўляемся прыняць», — адзначыў арцыбіскуп.
Разам з тым, як дадаў іерарх, Езус кіруе нашым жыццём не толькі тады, калі мы молімся, але і тады, калі працуем, вучымся, адпачываем, кантактуем з іншымі.
«Яго Валадарства не звязана з палітычнай уладай, багаццем, зямной славай ці навязваннем чагосьці. Яго Валадарства духоўнае. І Яго дапамога патрэбна ў кожную хвіліну нашага жыцця», — падкрэсліў Мітрапаліт.
Разважаючы над Святым Пісаннем, арцыпастыр нагадаў, што Евангелле прадстаўляе сціплага Езуса, які з’яўляецца «Валадаром кожнай улады і кожнага жыцця», таму вельмі важны момант выбару:
«Мы ўсе, вы і я, павінны зрабіць выбар. Мы знаходзімся ў духоўнай барацьбе, і мы павінны вырашыць, за кім пойдзем. Станем пад сцягам Хрыста ці злога духа? Не падманвайма сябе, бо трэцяга не дадзена», — падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што, калі чалавек абірае шлях, які адрозніваецца ад прапанаванага Богам, то «ў хвіліну пераходу з бачнага свету ў нябачны злы дух скажа, што гэта быў ягоны шлях, і прывітае ў сваім каралеўстве. Таму мы павінны заўсёды рабіць выбар».
Гаворачы пра ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, якая адзначаецца ў апошнюю нядзелю літургічнага года, арцыбіскуп звярнуў увагу, што гэтая ўрачыстасць з’яўляецца «напамінам аб тым, што прыйдзе дзень, калі часу больш не будзе. Таму мы павінны быць гатовы да Яго прыйсця».
Сакрамэнт канфірмацыі Мітрапаліт Кандрусевіч назваў духоўным умацаваннем, падкрэсліўшы, што гэта «сакрамэнт сталага хрысціянства, у якім мы атрымліваем сем дароў Святога Духа, які нас вядзе праз жыццё».
Як адзначыў іерарх напрыканцы літургіі, заўсёды трэба памятаць словы, якія святар прамаўляе, калі робіць знак крыжа на пасхальнай свечцы: «Хрыстус учора і сёння, Пачатак і Канец, Альфа і Амега, Яму належыць час і вечнасць, Яму хвала і валадарства праз усе вякі вечныя».
Як дадаў арцыбіскуп, няхай гэтыя словы дапамогуць вырашыць, за каго мы: «За Хрыста ці за злога духа? Хочам мець усё ці нічога?»