16 лістапада ў Гродзенскай дыяцэзіі распачаўся першы дыяцэзіяльны Сінод. Адной з асаблівасцей стане актыўны ўдзел у працы Сінода свецкіх вернікаў.
Як адзначыў у каментарыі Catholic.by генеральны сакратар Сінода ксёндз канонік Антоній Грэмза, для ўліку меркаванняў свецкіх асобаў будзе створана адмысловая электронная пошта.
«Асаблівасць Сінода ў тым, што ён будзе пастаральны: мы імкнёмся паглядзець на Касцёл вачыма не толькі святароў, але і свецкіх вернікаў. Праца са свецкімі дапаможа лепш зразумець тэмы душпастырства сем’яў, падрыхтоўкі да сужэнства і сакрамэнтальнага жыцця», — адзначыў святар.
Паводле яго слоў, адно з заданняў Сінода — паказаць, што Касцёл з’яўляецца жывым арганізмам.
«Святары, вернікі, кансэкраваныя асобы — праз іх Касцёл пастаянна развіваецца і адкрываецца на сучасныя выклікі свету. Касцёл на Гродзеншчыне мае сваю спецыфіку, свае адметныя рысы і традыцыі. Усё гэта мы хочам улічыць падчас працы Сінода, каб захаваць гэтыя асаблівасці з улікам новых выклікаў. Усе выпрацаваныя на Сінодзе нормы і статуты будуць дапасаваны да нормаў Касцёльнага права і сучаснага навучання Касцёла», — запэўніў святар.