Пошук


Ва ўрачыстасць Маці Божай Вострабрамскай 16 лістапада ў Гродне быў распачаты першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. Святая Імша з гэтай нагоды прайшла ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

На ўрачыстасць, якая сабрала святароў і кансэкраваных асобаў з усёй дыяцэзіі, прыбыў таксама першы сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі прэлат Марынко Антолавіч.

Мансеньёр адзначыў, што заўсёды вельмі рады прыязджаць у Гродна, «бачыць мясцовых вернікаў, якія так актыўна падтрымліваюць мясцовы Касцёл»: «Спадзяюся, што гэты Сінод прынясе шмат плёну як для дыяцэзіі, так і для ўсяго Касцёла ў Беларусі», – адзначыў мансеньёр Антолавіч, звяртаючыся са словам да вернікаў.

Святой Імшы папярэднічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і адмысловы даклад генеральнага сакратара дыяцэзіяльнага Сіноду ксяндза-каноніка Антонія Грэмзы.

Паводле слоў святара, Касцёл на Гродзеншчыне, з’яўляючыся часткай Віленскай дыяцэзіі (за выключэннем Навагрудскага і Сапоцкінскага дэканатаў), калісьці браў актыўны ўдзел у дыяцэзіяльных Сінодах. Апошні такі Сінод прайшоў тут у 1931 годзе.

На той час у Віленскай дыяцэзіі дыяцэзіяльны Сінод склікаўся ўжо 25 (!) разоў.

Як дадаў кс. Антоній, важнай часткай Сінода стане ўдзел у ім свецкіх вернікаў. Іх веды і вопыт будуць запатрабаваныя ў аналізе выклікаў, з якімі сутыкаецца католікі ў штодзённым жыцці.

«Заданне Касцёла – у адчуванні свету. Касцёл мае абавязак сачыць за знакамі і выклікамі часу, даючы адказы пра сэнс жыцця розным пакаленням, – зазначыў генеральны сакратар Сіноду. – Наша задача – захаваць вернасць традыцыям Касцёла, спалучыць іх з адказамі на выклікі сучаснасці і галоўнае – працягваць жыць Евангеллем».

Святар падкрэсліў невыпадковасць абранага дэвізу на Сінод – «Жыць Евангеллем»:

«Жыць Евангеллем – гэта абвяшчаць Евангелле ўласным жыццём і быць адкрытым на новую евангелізацыю», – дадаў кс. Антоні. Паводле сакратара Сінода, яшчэ ў 1979 годзе папа Ян Павел ІІ адзначаў важнасць «новай евангелізацыі» – абвяшчэнне Евангелля тым ахрышчаным, якія адыходзяць ад Бога.

Колькі будзе доўжыцца Сінод?

Генеральны сакратар Сінода акрэсліў таксама асноўныя этапы правядзення Сінода: вызначэнне тэмаў для яго дзейнасці, праца ў парафіяльных групах і ўнясенне прапаноў свецкіх вернікаў, правядзенне прамежкавых сесій Сінода і выпрацоўка рабочых статутаў з наступным іх абмеркаваннем і ўнясеннем дапрацовак.

Для працы Сінода ўжо ствараны 12 асноўных камісій і дзве дадатковыя. Усе камісіі акрэсліваюць тую ці іншую тэму, якой займаецца Касцёл: харытатыўны рух, кансэкраванае жыццё, справы экуменізму, тэмы сям’і, пакліканняў, новай евангелізацыі, місій, захавання спадчыны, катэхезаў, душпастырства моладзі, каталіцкіх СМІ і г.д. Першае пасяджэнне святароў, якія ўзначальваюць гэтыя камісіі, распачнецца ў Гродне ўжо 5 снежня.

«Колькі будзе доўжыцца Сінод? На гэтае пытанне нельга адказаць адразу, – адзначыў святар. – Працягласць Сінода залежыць ад прадуктыўнасці працы яго ўдзельнікаў. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ішоў на працягу шасці гадоў. Вельмі важна мець таксама час на апрацоўку і выдання статутаў Сінода».

«Няхай Сінод стане нашым „фіат“ Богу»

Святую Імшу ўзначаліў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў важнасць таго факту, што Сінод распачынаецца ва ўрачыстасць Маці Божай Вострабрамскай – Маці Міласэрнасці, апякункі Гродзенскай дыяцэзіі.

«Марыя – гэта сапраўдная вера, пакора і паслухмянасць веры, гэта той прыклад, да якога мы павінны імкнуцца», – адзначыў біскуп.

Іерарх дадаў, што місія першага ў гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі Сінода – услухоўвацца ў голас Святога Духа, «каб магчы добра прачытаць знакі часу, прыняць правільныя рашэнні і знайсці найлепшыя вырашэнні будучых праблем».

Асобна ардынарый Гродзенскі спыніўся на актуальнасці слоў папы Францішка: «Місія Касцёла – у абвяшчэнні жывога Евангелля, каб такім чынам дайсці да сэрца і думак кожнага чалавека. Мова Касцёла і яго жэсты павінны выражаць міласэрнасць, каб пранікаць у сэрцы людзей і натхняць іх да пошуку шляхоў вяртання да Айца».

Звяртаючыся да Божай Маці, іерарх заклікаў Марыю атуліць плашчом апекі Гродзенскую дыяцэзію:

«Няхай Марыя будзе для кожнага з нас надзеяй і нястомнай крыніцай у пілігрымцы веры, якую мы сёння распачынаем. Няхай першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі будзе нашым верным і адважным „фіат“, якое на ўзор Марыі сказам Нябеснаму Айцу, багатаму міласэрнасцю».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа