Пошук

09.11.2017 12:43   Фота: Кацярына Лаўрыненка, Кс. Раман Суша / Catholic.by

Кнігу «Каталіцкі Касцёл у Савецкім Саюзе ад рэвалюцыі 1917 да перабудовы» прадставілі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце 8 лістапада.

Кнігу выдаў гісторык, прафесар і выкладчык факультэта гісторыі і спадчыны Касцёла Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме кс. Ян Мікрут, аўтар прадмовы — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас прэзентацыі выдання беларускі іерарх выступіў перад прысутнымі з дакладам. Арцыбіскуп заўважыў, што дзве супрацьлеглыя па сэнсе і духоўным ушанаванні падзеі стогадовай даўніны — Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі і аб’яўленні Маці Божай у Фаціме — па-рознаму паўплывалі на ход гісторыі чалавецтва.

Адна, паводле словаў іерарха, прывяла да страшнай трагедыі, наступствы якой мы адчуваем і сёння, «другая — да трыумфу Бога». Першая стала прычынай рэпрэсій, другая прывяла і працягвае весці да міру.

Кнігу «Каталіцкі Касцёл у Савецкім Саюзе ад рэвалюцыі 1917 г. да перабудовы» іерарх назваў момантам ісціны, «каб асэнсаваць тое, што адбылося, і адказаць на пытанне, чаму так адбылося».

«Адмаўленне духоўных асноў і падпарадкаванне маральнасці пануючай ідэалогіі вядзе да трагедыі, якую перажыў Савецкі Саюз, калі ў імя пабудовы “светлай будучыні” апраўдвалася несправядлівасць. Злачынствам не можа быць ніякіх апраўданняў», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

 

У сваім дакладзе арцыбіскуп распавёў пра гісторыю станаўлення каталіцтва на тэрыторыі Расійскай імперыі і ў прыватнасці — на тэрыторыі сучаснай Беларусі перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй, у час ганенняў на хрысціянства ў СССР і ў перыяд адраджэння веры і вяртання святыняў у пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

«Шлях да адраджэння быў доўгім і складаным. Сёння неабходна падзякаваць міласэрнаму Богу, які ў сваім недасяжным чалавечаму розуму Провідзе, праз шматлікія выпрабаванні вёў Касцёл у Савецкім Саюзе да вясны адраджэння», — заўважыў іерарх.

Як падкрэсліў арцыбіскуп, неабходна таксама падзякаваць тым некаторым святарам, якія дваіліся і траіліся, каб толькі зберагчы агонь веры ў людзях.

«Таксама мы павінны быць удзячнымі старэйшаму пакаленню, нашым бацькам, бабулям і дзядулям, якія ўзялі на сябе адказнасць перадачы веры малодшаму пакаленню пасрэдніцтвам простых малітваў, літаній і народнай пабожнасці», — падкрэсліў іерарх.

«Няхай гэтая кніга стане напамінам аб тым, што ў нас не будзе светлай будучыні, калі ў імкненні да яе мы зноў адмовімся ад евангельскіх маральных прынцыпаў чалавечага быцця», — заключыў арцыбіскуп.

Выдадзеная кніга ўяўляе сабой гістарычны зборнік на італьянскай мове з артыкуламі амаль 60 аўтараў, у тым ліку і беларускіх.

На прэзентацыі выступіў таксама біскуп Ірынэй Білык з Украіны, які прадставіў сітуацыю Касцёла ва Украіне ў гэты час. З духоўнымі творамі ўсходняга абраду выступіў грэка-каталіцкі хор Пантыфікальнага Калегіума св. Юзафата.

На прэзентацыі прысутнічалі і некаторыя аўтары кнігі, сярод якіх кс. Раман Дзванкоўскі SAC, які шмат разоў бываў у Беларусі. Са шматлікімі навуковымі публікацыямі святар выступае ў друку, адлюстроўваючы становішча Касцёла ў СССР.

«Гэтая кніга паказвае вялікую працу даследчыкаў з розных краін. Яна мае вялікае значэнне для пашырэння ведаў пра гераічны лёс Касцёла на тэрыторыі СССР», — адзначыў святар у каментарыі Catholic.by.

Паводле слоў ксяндза Дзванкоўскага, большасць публікацый, якія з’яўляліся да 1990-х на розных мовах, датычылі пераследу, пакутніцтва і рэпрэсій у савецкай краіне.

«Пасля падзення СССР распачалася эра іншых публікацыяй. Гэтая кніга ўпершыню паказвае абарону вернікамі Касцёла, распавядае пра падпольны Касцёл, які існаваў у час пераследу», — заключыў кс. Раман Дзванкоўскі.

Абноўлена 09.11.2017 15:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця