У актаву малітваў за ўсіх памерлых, 8 лістапада, ганаровыя і грэміяльныя канонікі катэдральнага капітула памаліліся ў мінскай архікатэдры за спачылае духавенства. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Гамілію падчас Імшы прамовіў духоўны айцец катэдральнага капітула кс. Андрэй Яркавец. У сваім слове святар узгадаў спачылых святароў архідыяцэзіі, якія ў часы пераследу былі сапраўдным прыкладам для вернікаў, адзначыўшы іх мужнасць і адданасць служэнню Богу і людзям.
У набажэнстве прынялі ўдзел амаль усе члены капітула.
Катэдральны капітул Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай быў заснаваны 14 студзеня 2017 года Кангрэгацыяй па справах Духавенства. Да гэтага падобныя капітулы ў Беларусі ўжо былі заснаваны ў Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіях. 12 верасня 2017 года ў мінскай архікатэдры прайшла цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула.
У склад капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўваходзіць 18 канонікаў, 8 — грэміяльных і 10 — ганаровых. Функцыямі капітула з’яўляюцца: дапамога біскупу, удзел у найбольш урачыстых цэлебрацыях у архікатэдральным касцёле ў Мінску, а таксама ў іншых месцах архідыяцэзіі, арганізацыя ў катэдральным касцёле канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных дакументам Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, дапамога Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму і інш.