5 лістапада ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання. Духоўным кіраўніком для семінарыстаў у гэты дзень стаў ксёндз канонік Юзаф Ханьчыц.
Для семінарыстаў дзень засяроджання — асаблівы час ласкі, рэфлексіі і навяртання, які дапамагае выйсці з руціны і прызвычаенасці, каб па-новаму распаліць у сабе полымя стараннасці ў наследаванні Хрыста.
Падчас канферэнцый кс. Юзаф спрабаваў скіраваць думкі i ўвагу семінарыстаў на няспыннае дзеянне Божага Духа ў жыцці тых, хто вырашыў працягваць апостальскую місію першых вучняў Хрыста.
Таксама святар неаднаразова падкрэсліваў, што любоў з’яўляецца асноўнай нормай жыцця кожнага веруючага і ўсёй касцёльнай супольнасці.
Звяртаючыся да семінарыстаў, святар адзначыў, што трэба дзякаваць за кожную хвіліну, якую дае Бог, цаніць і добра выкарыстоўваць час семінарыйнай фармацыі, каб здабыць як мага больш жыццёвай мудрасці і ўсталяваць глыбокія адносіны з Богам.
Семінарыйная супольнасць ўдзячная святару-каноніку за той бясцэнны духоўны досвед, якім ён бескарысліва дзяліўся і які, безумоўна, паспрыяе больш глыбокай і якаснай падрыхтоўцы будучых паслядоўнікаў Езуса Хрыста.