2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, у Falcon Club Буцік Кіно адбыўся паказ дакументальнага фільма «Салей, якога мы не ведалі». У гэты дзень славутаму хакеісту магло б споўніцца 43 гады.
Дакументальны фільм падрабязна апісвае жыццёвы шлях хакеіста, знаёміць гледачоў з успамінамі пра яго калег па зборнай, прадстаўляе аповеды жонкі Бэтэн і маці Таццяны Гаўрылаўны.
У пачатку фільма маці Руслана Салея прызнаецца, што, калі зацяжарыла Русланам, то хацела пазбавіцца ад дзіцяці. Руслан Салей нарадзіўся ў 1974 годзе, калі ў іх сям’і ўжо было двое дзяцей: 12-гадовы Вадзім і 10-гадовая Анжэла.
На той момант Тамары Гаўрылаўне было 34 гады, і спачатку яна не хацела нараджаць. Дарэчы, у падобнай сітуацыі была і маці футбаліста Крышціану Раналду.
— Заробак быў нізкі. Цяжарнасць была незапланаванай, — прыгадвае той час Тамара Гаўрылаўна Салей. — Калі я пра яе даведалася, то зразумела, што трэцяе дзіця мне не патрэбна. Але, відаць, Бог так захацеў: у шпіталі мяне адправілі назад — у мяне не было даведкі пра заробак. Пазней Руслан, ужо ведаючы пра гэту гісторыю, дакараў мяне: мама, ну як так? Пасля, калі ён падрос, я казала: што б мы рабілі без нашага Руслана?!
Сам Руслан Салей у архіўным інтэрв’ю 2003 года пракаментаваў гэтую сітуацыю наступнай фразай: «Мне быў дадзены шанец, які не даваўся нікому іншаму. Задача была ўзяць і выкарыстаць яго».
Упершыню фільм «Салей, якога мы не ведалі» журналісткі АТН Ганны Эйсмант быў паказаны ў эфіры 8 верасня 2012 года — да гадавіны трагедыі з яраслаўскім «Лакаматывам». У 2013 годзе фільм атрымаў прыз ад Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы. У 2014 годзе стужку адзначылі прызам на Міжнародным фестывалі спартыўных фільмаў у намінацыі «Спорт і асоба».