Пошук

02.11.2017 10:59   Беларускі святар / Catholic.by

Перад першымі днямі лістапада традыцыйна на могілках прыбіраюць. Па-аднаму. Сем’ямі. Цэлай парафіяй. Добрая традыцыя.

Апошнімі днямі я не раз заходзіў на могілкі — паглядзець, як там парадак. Ці не зрабіў хто якой шкоды пасля таго, як мае парафіяне там папрацавалі.

І ў мінулым годзе, і сёлета, і падчас нашых «суботнікаў», і ўжо пасля іх я заўважаў крыжы, выкінутыя разам са смеццем. Вядома ж, драўляны крыж з часам падгніе, пачарнее, ужо не так прыгожа выглядае на магіле блізкага чалавека. Нашмат лепш сведчаць пра нашу памяць пра памерлых гранітныя ці мармуровыя помнікі з пазалотай і ўсмешлівым тварам на фотаздымку. А стары крыж ужо не патрэбны. Што старое, тое на сметнік.

І не варта думаць, што католікі так не паступаюць, стараючыся выкарыстаць для апраўдання даўнюю рану падзелу паміж хрысціянамі. Са сметніка даводзілася выцягваць і чатырохканцовыя крыжы, і шасціканцовыя.

Ну, можна сказаць, людзі не свядомыя, не навучаныя.

Праходжу між шэрагамі магіл далей. Тут прыгожа прыбрана. Там сціпла, але чысценька. І вось там магілка занядбаная, навокал яе… бур’ян, кустоўе, з якой выстае пахілены помнік, а замест надмагілля — куча смецця.

Людзі ж не свядомыя, не навучаныя.

Можна доўга змагацца з Хэлоўінам, ідэалогіяй гендару і непарадкам на могілках. Але гэта ўсё — толькі вонкавыя праяўленні чагосьці глыбейшага.

Стары крыж выкінуты.

Чалавек шукае паратунку ў нечым новым. Несвядомы праўды. Не пачуўшы праўду пра тое, што збаўленне можа даць толькі Той, хто з любові за нас памёр на крыжы.

Абноўлена 02.11.2017 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа