Пошук

29.10.2017 19:26   Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

28 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў свята свв. Cымона і Юды Тадэвуша, Апосталаў. У гэты дзень іерарх адзначае свае імяніны.

Павіншаваць Мітрапаліта сабраліся прадстаўнікі духавенства, кансэкраваныя асобы і вернікі.

“Евангелле нагадвае нам аб тым, што Сымон і Юда Тадэвуш былі пакліканы Езусам, каб быць Яго апосталамі. Яны следавалі за сваім Настаўнікам і пазнавалі праўду аб Божым Валадарстве, каб потым, пасля Спаслання Святога Духа, яе абвяшчаць людзям розных народаў.

Таямніца паклікання не завяршылася з апосталамі. І сёння Езус кліча, і прычым кліча пайменна. Гэты заклік з’яўляецца ключом да вырашэння праблем сучаснага свету і Касцёла, бо Езус хоча, каб мы былі сведкамі Яго Уваскрасення”, – сказаў у гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч.

Поўны тэкст гаміліі>>>

“Больш за 30 гадоў нашы святыя ахвярна служылі справе абвяшчэння Евангелля і збаўлення людзей, не баючыся пераследу і нават смерці. Што ім дапамагала ў гэтым? Адказ адзін – любоў да Езуса Хрыста, які збавіў чалавецтва, і адчуванне таго, што без пазнання Божай праўды людзі не дасягнуць вечнасці”, – дадаў іерарх.

“Язычнікі змушалі св. Сымона скласці ахвяру богу сонца, а Юду Тадэвуша – богу месяца. Ці сёння мы, людзі XXI стагоддзя, можам сказаць, што молімся толькі сапраўднаму Богу? Як шмат часу і высілкаў мы прысвячаем далёкім ад Бога справам! У сучаснага чалавека ёсць свае багі сонца і месяца. Гэта абагаўленне багацця і амаральных задавальненняў. Гэта алкагольная і наркатычная залежнасці. Гэта практыка акультызму, якая распаўсюджваецца, і да т.п”, – звярнуў увагу Мітрапаліт.

Па словах іерарха, апосталы Сымон і Юда Тадэвуш “прыкладам свайго жыцця і мучаніцкай смерці заклікаюць да таго, каб мы сваімі малітвамі і ўчынкамі складалі ахвяры сапраўднаму Богу”. “Кожны дзень мы павінны ахвяроўваць Яму кадзіла нашай малітвы і добрых учынкаў (…) павінны ўстрымацца ад усяго таго, што не даспадобы Богу”, – адзначыў арцыпастыр.

 “Езус сказаў сваім вучням, у тым ліку і свв. апосталам Сымону і Юду Тадэвушу: “Я выбраў вас і паслаў, каб вы прынеслі плён і каб ваш плён трываў”. Гэтыя ж самыя словы Ён кажа і нам.

Моцаю сакрамэнту хросту мы ўсе ўключаны ў Хрыста і з’яўляемся Яго апосталамі. Таму і да нас адносяцца Яго словы: ідзіце і навучыце ўсе народы”, – падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Перад завяршэннем урачыстай святой Імшы свецкія вернікі, прадстаўнікі духавенства і кансэкраваных асоб склалі арцыпастыру свае пажаданні з нагоды дня яго нябеснага заступніка.

 

Абноўлена 08.01.2018 14:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа