Мінская архікатэдра, 28 кастрычніка 2017 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята свв. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Сымон у гісторыі хрысціянства вядомы як Кананеец, бо паходзіў з Каны Галілейскай, дзе Езус учыніў свой першы цуд, калі на вяселлі перамяніў ваду ў віно. Яго яшчэ называюць зелотам, гэта азначае рулівым, што асабліва праявілася ў ахвярным абвяшчэнні Евангелля сярод язычнікаў.
Апостал Юда Тадэвуш упісаўся ў гісторыю як аўтар аднаго з Пасланняў Новага Запавету. Ён з’яўляецца апекуном у складаных і нават безнадзейных сітуацыях. Калі здаецца, што ўжо нічога не дапамагае, то людзі звяртаюцца з просьбамі аб дапамозе да яго.
2. Евангелле нагадвае нам аб тым, што Сымон і Юда Тадэвуш былі пакліканы Езусам, каб быць Яго апосталамі. Яны следавалі за сваім Настаўнікам і пазнавалі праўду аб Божым Валадарстве, каб потым, пасля Спаслання Святога Духа, яе абвяшчаць людзям розных народаў.
Таямніца паклікання не завяршылася з апосталамі. І сёння Езус кліча, і прычым кліча пайменна. Гэты заклік з’яўляецца ключом да вырашэння праблем сучаснага свету і Касцёла, бо Езус хоча, каб мы былі сведкамі Яго Уваскрасення.
3. Паводле хрысціянскай традыцыі свв. Сымон і Юда Тадэвуш спачатку абвяшчалі Божае слова ў розных краінах: Сымон - у Егіпце, а Юда Тадэвуш - у Месапатаміі. Потым Божы Провід распарадзіўся так, што яны працавалі разам у Персіі.
У той час, калі яны прыбылі ў гэту краіну, персідскае войска вяло цяжкія баі з Індыяй. Камандуючы персідскім войскам генерал Барадах доўга маліўся персідскім багам, каб даведацца, як завершыцца вайна. Аднак ён не атрымаў ніякага адказу, як бывала раней, калі злы дух прамаўляў праз ідалаў. Тады генерал звярнуўся да ідала, які знаходзіўся далёка ад яго штаба, з пытаннем, чаму так адбываецца і ў чым прычына маўчання багоў. Ідал яму адказаў, што прычынай з’яўляецца прысутнасць двух апосталаў Езуса Хрыста, сіла якіх надзвычайная, так што ніякія багі не могуць супрацьстаяць ім.
Генерал загадаў прывесці да яго гэтых апосталаў і прыняў іх з вялікай пашанай. Ён уважліва выслухаў вучэнне пра Езуса Хрыста, а таксама пра тое, што іх багі не з’яўляюцца сапраўднымі і ім нельга пакланяцца і прасіць дапамогі.
4. Пытанне генерала аб тым, як завершыцца вайна, стала добрай нагодай для апосталаў паказаць абсурднасць таго, як называць багамі ідалаў, зробленых чалавечай рукой. У сувязі з гэтым апосталы прапанавалі генералу яшчэ раз спытаць яго багоў, якім яны дазволяць прамаўляць. Адказ багоў быў такі, што вайна будзе вельмі крывавай і прынясе шмат няшчасця.
Сымон і Юда Тадэвуш, пачуўшы гэта, сказалі, што заўтра прыбудуць індыйскія паслы прасіць міру. Так і сталася. Кароль Персіі, які пражываў у Вавілоне, паклікаў да сябе апосталаў, уважліва слухаў іх вучэнне і прыняў хрост. Па прыкладу караля хрысціянамі стаў яго двор і вялікая частка жыхароў горада. Ён таксама дазволіў Сымону і Юду Тадэвушу абвяшчаць Евангелле ў яго каралеўстве.
Многія людзі прымалі хрысціянства, аднак магі і прадказальнікі будучыні былі незадаволены, бо страчвалі свой уплыў, і таму шукалі спосабу, каб забіць апосталаў. Яны падгаварылі жыхароў горада, які знаходзіўся далёка ад рэзідэнцыі караля, паўстаць супраць іх. У выніку жыхары запатрабавалі, каб Сымон склаў ахвяры богу сонца, а Юда Тадэвуш – богу луны. Апосталы адмовіліся, і язычнікі іх забілі. Святога Сымона яны пілой разрэзалі на часткі, а св. Юду Тадэвушу адрубілі галаву.
Святы Юда Тадэвуш пакінуў пасля сябе кароткае, але вельмі моцнае духоўна Пасланне, якое з’яўляецца кананічнай кнігай Святога Пісання. У ім ён заклікае вернікаў супрацьстаяць ерасям, заставацца цвёрдымі ў сваёй веры і практыкаваць хрысціянскія цноты, асабліва міласэрнасці і чысціні душы.
5. Больш за 30 гадоў нашы святыя ахвярна служылі справе абвяшчэння Евангелля і збаўлення людзей, не баючыся пераследу і нават смерці. Што ім дапамагала ў гэтым? Адказ адзін – любоў да Езуса Хрыста, які збавіў чалавецтва, і адчуванне таго, што без пазнання Божай праўды людзі не дасягнуць вечнасці.
Язычнікі змушалі св. Сымона скласці ахвяру богу сонца, а Юду Тадэвуша – богу луны. Ці сёння мы, людзі XXI стагоддзя, можам сказаць, што молімся толькі сапраўднаму Богу? Як шмат часу і высілкаў мы прысвячаем далёкім ад Бога справам! У сучаснага чалавека ёсць свае багі сонца і луны. Гэта абагаўленне багацця і амаральных задавальненняў. Гэта алкагольная і наркатычная залежнасці. Гэта практыка акультызму, якая распаўсюджваецца, і да т.п.
Ці гэта не меншы грэх і адступленне ад Бога, чым складанне ахвяры багам у часы язычніцтва, да чаго змушалі пратаганістаў сённяшняга дня? Напэўна, не. Святыя апосталы Сымон і Юда Тадэвуш прыкладам свайго жыцця і мучаніцкай смерці заклікаюць да таго, каб мы сваімі малітвамі і ўчынкамі складалі ахвяры сапраўднаму Богу.
Кожны дзень мы павінны ахвяроўваць Яму кадзіла нашай малітвы і добрых учынкаў. Павінны ахвяроўваць кантроль спакусаў і злых намераў; перамогу над самім сабой праз прабачэнне нашым нядобразычліўцам; устрыманне ад пажадлівасцяў цела і непрыстойных размоваў, ад непамяркоўнасці ў ежы і піцці. Адным словам, мы павінны ўстрымацца ад усяго таго, што не даспадобы Богу.
Езус сказаў сваім вучням, у тым ліку і свв. апосталам Сымону і Юду Тадэвушу: “Я выбраў вас і паслаў, каб вы прынеслі плён і каб ваш плён трываў”. Гэтыя ж самыя словы Ён кажа і нам. Моцаю сакрамэнту хросту мы ўсе ўключаны ў Хрыста і з’яўляемся Яго апосталамі. Таму і да нас адносяцца Яго словы: ідзіце і навучыце ўсе народы.
Аб гэтым мы павінны памятаць у наш час, калі д’ябал секулярызму кружыць вакол нас і хоча захапіць у свой палон. Святы Юда Тадэвуш – апякун у складаных сітуацыях – і св. Сымон – прыклад руплівасці, дапамагайце нам і выпрасіце ласку руплівасці ў абвяшчэнні Божага Валадарства і адраджэння веры, без якой няма збаўлення. Амэн.