Напярэдадні святкавання 103-й гадавіны з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка парафіяне з Нарачы ў чарговы раз правялі акцыю «Кветкі для кардынала».
19 кастрычніка нарачанцы наведалі Пінск, дзе знаходзіцца магіла кардынала, і прывезлі з сабой букет чырвоных ружаў.
Калісьці ў адным з інтэрв’ю на сцвярджэнне журналіста, што на святарскім і жыццёвым шляху кардынала Свёнтка было больш церняў, чым ружаў, іерарх адказаў пытаннем: «Чаму вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы... Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру — белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы! Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы прысуду, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці... І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне волі Божай. І там — ружа, і тут. Толькі колер у іх розны...»
Час жоўтых і белых ружаў для сведкі нязломнай веры кардынала Казіміра Свёнтка ўжо мінуў. У доме Нябеснага Айца Яго Эмінэнцыя будзе ўдыхаць водар толькі чырвоных ружаў — чыстых, светлых і прыгожых, як наша любоў і памяць.