Перыяд семінарыйнай фармацыі — незвычайна насычаны і адказны этап, падчас якога малады чалавек паглыбляе сваё пакліканне і ўмацоўваецца ў гатоўнасці прысвяціць жыццё Богу і найбольш патрабуючым.
Але асоба будучага святара фарміруецца таксама пад уплывам шматлікіх іншых фактараў, якія вучаць перш за ўсё таму, як стаць добрым чалавекам, шчырым і спагадлівым, тактоўным і інтэлігентным, добразычлівым і адказным.
З гэтай нагоды ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла інтэлектуальная гульня пад назвай «Бітва розумаў», у якой былі задзейнічаны амаль усе навучэнцы семінарыі. Праграму і пытанні падрыхтаваў прэфект навучальнай установы кс. Андрэй Лішко. Каманды складаліся з трох семінарыстаў з кожнага курса.
Пытанні датычыліся не толькі рэлігійнага жыцця, але і літаратуры, хіміі, матэматыкі, гісторыі, мастацтва і г. д. Адказ залежаў ад логікі і кемлівасці ўдзельнікаў. Пераможцамі стала каманда 1 курса.
Правядзенне такога роду мерапрыемстваў, падчас якіх набываюцца веды, якія, безумоўна, спатрэбяцца семінарыстам у будучай душпастырскай дзейнасці, стала добрай традыцыяй у сценах семінарыі.
Навучэнцы ўдзячны кіраўніцтву за прыемныя хвіліны, атрыманыя падчас гульні, якія дапамагаюць будаваць братэрскую супольнасць у духу сапраўднай хрысціянскай любові.