Аўтар трэцяга Евангелля і Дзеяў Апосталаў паходзіў з Сірыі. Па прафесіі ён быў лекарам, пра што гаворыцца ў лісце св. апостала Паўла да Каласянаў. Лука, выхаваны ў паганстве, быў, хутчэй за ўсё, навернуты апосталам Паўлам і, далучыўшыся да яго паміж 50 і 51 гг., быў яго спадарожнікам на працягу 17 гадоў аж да самай смерці Апостала народаў.
Пасля гэтага жыццё і дзейнасць Лукі праходзілі ў Грэцыі, дзе былі напісаныя яго Евангелле і Дзеі апосталаў і дзе евангеліст памёр мучаніцкай смерцю ва ўзросце 84 гадоў. Сімвалам св. Лукі з’яўляецца вол, і гэта тлумачыцца тым, што евангеліст быў цярплівым і верным, як гэтая жывёла.
Св. Луку называюць «песняром Божай міласэрнасці», бо толькі ў яго Евангеллі змешчана прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца.
Ён таксама вельмі кранальна апісвае вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, і таму лічыцца, што менавіта ён намаляваў першыя абразы Багародзіцы.
Святы евангеліст Лука з’яўляецца апекуном лекараў, мастакоў і хрысціянскага мастацтва. Яго імя носіць цэнтр «Карытас», размешчаны пад Мінскам.