Пошук

17.10.2017 11:08   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Стагоддзе апошняга фацімскага аб’яўлення ў Фаціме ўрачыста адзначылі 13 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне. Шматлікія вернікі сабраліся разам з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, каб аддаць пашану Маці Божай.

Напярэдадні, 12 кастрычніка, у марыйным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе завяршылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Віцебскай дыяцэзіі, якая праз год вярнулася ў шумілінскі санктуарый.

Як адзначыў кусташ санктуарыя а. Анджэй Юхневіч ОМІ, гэтая перэгрынацыя, а таксама прысвячэнне Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Фацімскай, што здзейсніў біскуп Віцебскі падчас сёлетніх ўрачыстасцяў у Браславе, спрыяла больш глыбокаму разважанню над тэмай гэтага фацімскага года: «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання».

Біскуп Алег Буткевіч прысвяціў гамілію праблеме пакаяння ў святле фацімскага паслання. Іерарх заклікаў вернікаў да навяртання і перамены свайго жыццця. Асаблівую ўвагу віцебскі ардынарый звярнуў на малітву Ружанца, заклікаючы «быць вернымі ружанцовай малітве».

Пасля Імшы вернікі разам з біскупам і святарамі прайшлі ў працэсіі, на чале якой святары і вернікі неслі фігуру Маці Божай Фацімскай, молячыся Ружанец. Далёка па наваколлі ў цемры, якую асвятлялі толькі агеньчыкі шматлікіх свечак у руках вернікаў, разносіліся словы малітвы: «Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных...» Апошнюю дзясятку Ружанца маліліся дзеці шумілінскай парафіі, што прыгадвала постаці дзяцей-пастушкоў з Фацімы.

 

13 кастрычніка Віцебская дыяцэзія таксама адзначала 18-годдзе свайго заснавання. З гэтай нагоды шумілінскія вернікі падарылі біскупу букет белых ружаў. Іерарх усклаў кветкі да фігуры Маці Божай Фацімскай.

Абноўлена 17.10.2017 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.