12 кастрычніка ўрачыстай святой Імшой у браслаўскім санктуарыі завяршылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай у Віцебскай дыяцэзіі. З 13 мая па 13 кастрычніка католікі Віцебшчыны разважалі над таямніцамі паслання Маці Божай у Фаціме, 100-годдзе аб’яўленняў якой адзначаецца сёлета.
«Сёння, калі на Імшы прысутныя кусташы марыйных санктуарыяў у Браславе і Шуміліне, у месцы, дзе перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай, наша дыяцэзія асаблівым чынам знаходзіцца пад апекай Марыі, — адзначыў у гаміліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. — Гэтыя санктуарыі знаходзяцца па розныя бакі дыяцэзіі як сімвал таго, што Марыя ахінае ўсю нашу Віцебшчыну. Сёння Маці Божая прыходзіць да нас як лекар, яна падтрымлівае аздараўленчую місію Хрыста: хоча, каб кожны з нас перажыў навяртанне, аздараўленне, паяднанне з Богам».
«Сёння ў Евангеллі мы ў чарговы раз пачулі, што Марыя — наша Маці. І таму павінны быць шчаслівымі, бо Хрыстус сам даверыў усіх нас сваёй Маці», — падкрэсліў іерарх і заахвоціў прысутных сваю малітву і цярпенні ахвяроўваць за ўвесь свет.
«У нашых малітвах варта памятаць не толькі пра ўласныя патрэбы, але і пра тых людзей, якія адышлі з гэтага свету без паяднання з Богам. Пра гэта нагадвае Маці Божая ў фацімскім аб’яўленні», — дадаў біскуп.
Напрыканцы літургіі біскуп Алег Буткевіч выказаў падзяку ўсім вернікам дыяцэзіі за жаданне слухаць Марыю і быць паслухмянымі Богу, за трыванне на малітве.
Кусташ санктуарыя ў Шуміліне ксёндз Анджэй Юхневіч падзякаваў усім святарам і вернікам дыяцэзіі, якія прымалі ў сваіх парафіях фігуру Маці Божай, і заахвоціў надалей давяраць Марыі свае інтэнцыі.