28 верасня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні сёстры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі) падчас святой Імшы дзякавалі Богу за 25 гадоў служэння ў Беларусі.
Менавіта са Смаргоні ў свой час пачалася праца сясцёр салезіянак у нашай краіне.
На Эўхарыстыі сабралася шмат вернікаў, якія праз удзел у малітве жадалі выказаць удзячнасць сёстрам за іх адданае служэнне. Дзякуючы іх навучанню і выхаванню шматлікія дзеці, моладзь, а таксама дарослыя змаглі адчуць Божую любоў у сваім жыцці.
Усе яны вельмі ўдзячныя манахіням, таму падчас Імшы, якую ўзначаліў кс. Алег Жураўскі SDB, прасілі Бога, каб узнагародзіў іх ахвярнасць і адданасць смаргонскай зямлі. Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел таксама генеральная настаяцельніца Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў с. Івон Рэнгуа FMA.
Сёння ў Смаргоні служаць чатыры сястры салезіянкі: Ірынa Барцэвіч FMA, Вераніка Блізнюк FMA, Верaніка Огар FMA і Дар’я Еўтухоўская FMA. Усе яны паходзяць з Беларусі. Сёстры займаюцца катэхізацыяй і выхаваннем новых пакаленняў вернікаў.
Свята ўдзячнасці манахіням за іх служэнне працягнулася ў араторыі, дзе прадстаўнікі розных суполак спявалі, танцавалі і забаўлялі ўсіх прысутных. Сёстры пачулі ў гэты дзень шмат віншаванняў і добрых слоў.
Даведка:
Дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў — каталіцкая жаночая манаская кангрэгацыя папскага права, заснаваная святой Марыяй Даменікай Мадзарэллай і святым Янам Боско 5 жніўня 1872 года ў Марнезе (Італія).
Кангрэгацыя названа ў гонар Дзевы Марыі, чые «дочкі» (сёстры законныя) жадалі і жадаюць стаць жывым увасабленнем адданасці і веры. Асноўная мэта існавання кангрэгацыі — выхаваўчы метад ксяндза Боско, які абапіраецца на розум, рэлігію і любоў.
Сёстры выконваюць сваю місію сярод дзяцей і моладзі на ўсіх кантынентах свету. Яны праводзяць катэхізацыю, апякуюцца школамі, выхаваўчымі асяродкамі, інтэрнатамі, кіруюць араторыямі, моладзевымі цэнтрамі. Арганізуюць і займаюцца аніматарствам апостальскіх рухаў сярод моладзі з мэтаю дзейснага і адказнага ўключэння яе ў жыццё Касцёла. Вядуць місійную дзейнасць у розных краінах.