Пошук

27.09.2017 18:36   Catholic.by

26 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску ўрачыста распачаўся новы навучальны год.

Урачыстая інаўгурацыя пачалася, паводле традыцыі, спевам студэнцкага гімну Gaudeamus. Пасля да семінарыстаў, духавенства і гасцей свята звярнуліся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка і рэктар МВДС ксёндз Андрэй Рылка. Віцэ-рэктар семінарыі ксёндз Адам Дынак расказаў пра вынікі мінулага навучальнага года. Пастырскае слова да навучэнцаў скіравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Дыпломы аб заканчэнні МВДС з рук біскупа Антонія Дзям'янкі атрымалі выпускнікі ксёндз Антоні Анціпенка і дыякан Андрэй Багдановіч.

Сёлета на першы курс МВДС залічаны 8 юнакоў з Пінскай, Віцебскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Для іх найбольш яскравым момантам стала ўручэнне студэнцкіх білетаў і заліковых кніжак.

Найважнейшым момантам урачыстасці стала святая Імша ў пінскай катэдры. Семінарысты маліліся разам з духавенствам Пінскай і гасцямі з іншых дыяцэзій Беларусі.

У гаміліі падчас Імшы біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў: “Калі мы сёння можам, пачынаючы ад 1926 года, урачыста распачынаць новы навучальны год, час духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі ў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску, то гэта стала магчымым таму, што хтосьці на Палессі перад намі меў адвагу абвяшчаць Евангелле”.

Па словах іерарха, “пастырская адвага, любоў да касцёльнай супольнасці і руплівасць у выкананні даверанага кожнаму задання – гэта люстраное адбіццё асобы Добрага Пастыра, Езуса Хрыста”, і “тады не страшныя небяспекі”, “таму што адвага веры і мудры погляд на зямныя справы перамагаюць драпежных ваўкоў і ўсялякія хітрыя задумы злога”.

Пінскі ардынарый дадаў, што “духоўная семінарыя з’яўляецца домам чалавечай і інтэлектуальнай фармацыі, а тыя, хто сюды прыйшоў, павінны кіравацца праўдай, якую можам разглядаць у катэгорыях: здабыццё філасофскіх і тэалагічных ведаў, паглыбленне хрысціянскай этыкі і паглыбленне адносін з Богам”.

“Мы пераконваемся ў тым, што місія Касцёла яшчэ толькі пачынаецца, і ў яе служэнні мы павінны задзейнічаць усе сілы”, - падкрэсліў біскуп. Іерарх звярнуў увагу таксама на прынцып “вернасці Богу і чалавеку”. “Вернасць вынікае з мэты катэхезы. Гэта значыць давесці да еднасці з Хрыстом”, - патлумачыў біскуп.

“Таму важна, каб ні перад кім не зачыняць Божае Валадарства, але адважна і з верай весці дзяцей да Бога”, - дадаў іерарх, а таксама пажадаў семінарыстам “асабістага ўзрастання ў веры, добрага разумення сваёй місіі, адвагі сведчання веры і патрэбнай кваліфікацыі, каб узорна выканаць заданне”.

Акрамя таго, пінскі ардынарый пажадаў навучэнцам семінарыі, каб яны падчас фармацыі “глянулі на сябе з перспектывы, з дыстанцыі”, бо, “калі не маеш кантакту з самім сабой, то ці можаш мець кантакт, адносіны з тымі, якіх у будучыні будзеш весці”.

“Няхай Марыя, Зорка Евангелізацыі, Сталіца Мудрасці, Пані Фацімскіх аб’яўленняў, навучыць нас праўдзе аб Езусе Хрысце, нашым Пану і Збаўцу. Бо Ён сам – гэта Добрая Навіна, якую мы павінны ісці і абвяшчаць”, - сказаў біскуп.

Абноўлена 27.09.2017 18:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа